Прынцыпы збору архіўных калекцыяў

English

1. Уводзіны

1.1. Мэтай дзейнасьці архіву Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францыска Скарыны зьяўляецца захаваньне для будучыні атрыманай архіўнай спадчыны і спрыяньне доступу да яе ў сучаснасьці.

1.2. Архівы – гэта калекцыі дакумэнтаў, якія натуральным чынам узьнікаюць у ходзе жыцьця і дзейнасьці арганізацыі альбо асобы. Як правіла, яны клясыфікуюцца або вызначаюцца па іх паходжаньні (гэта значыць паводле органа ці асобы, якія іх стварылі або захавалі), а не па тэматыцы прадметаў, якія яны зьмяшчаюць. Гэтыя архіўныя зборы, дзе кожны прадмет набывае большую істотнасьць ў сувязі зь яго адносінамі да цэлага, зьяўляюцца нашымі найбольш значнымі фондамі, хоць мы таксама зьбіраем асобныя рукапісы, друкаваныя і выяўленчыя матэрыялы.

1.3. У гэтых Прынцыпах збору архіўных калекцыяў даецца інфармацыя аб гісторыі і структуры архіву Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францыска Скарыны. Яны акрэсьліваюць сфэру калекцыяў, як з пункту гледжаньня геаграфічнага рэгіёну, так і тыпу калекцыі, і тлумачаць, як мы камплектуем гэтыя калекцыі. У іх таксама апісваецца, як набываюцца і апрацоўваюцца архівы. Асобна распрацоўваюцца Прынцыпы захаваньня, якія будуць ахопліваць фізычны догляд за калекцыямі.

2. Гісторыя і структура

2.1. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францыска Скарыны была створаная ў Лёндане ў 1971 годзе з мэтай заахвочваньня ведаў аб Беларусі і падтрымкі навуковых дасьледаваньняў, зьвязаных з Беларусьсю, за межамі Беларусі, якая ў той час ўваходзіла ў склад Савецкага Саюзу. Архіўныя матэрыялы заўсёды былі неад’емнай часткай калекцыі, пачынаючы з матэрыялаў, якія перадалі ў бібліятэку яе заснавальнікі – біскуп Чэслаў Сіповіч, айцы Леў Гарошка і Аляксандар Надсан. Многія беларусы дыяспары перадалі Бібліятэцы свае прыватныя калекцыі. Некаторыя арганізацыі беларускае дыяспары таксама ахвяравалі свае архівы Бібліятэцы.

2.2. У 2015 годзе Беларуская бібліятэка і музэй імя Францыска Скарыны перагледзела і пашырыла сваю місію, узяўшы на сябе абавязак па зборы і захаваньню артэфактаў беларускага народу, падтрымцы жыцьця беларускай супольнасьці ў Злучаным Каралеўстве, унёску ў навуковыя дасьледаваньні Беларусі і заахвочваньні ведаў пра Беларусь сярод брытанскай грамацкасьці. Архіў мае адыграць важную ролю ў выкананьні гэтых абавязацельстваў.

2.3. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францыска Скарыны зьяўляецца дабрачыннай арганізацыяй, зарэгістраванай у Англіі і Уэльсе; ім кіруе Апякунскі савет. Яна фінансуецца за кошт добраахвотных ахвяраваньняў і інвэстыцый, што робіць бібліятэку незалежнай ад будзь-якіх дзяржаўных органаў.

3. Сфэра калекцыі

3.1. Геаграфічны рэгіён
Прынцыпы збору калекцыі ахопліваюць ўсе архівы, якія датычацца беларускай дыяспары, асабліва ў Брытаніі і Заходняй Эўропе. Памятаючы пра гісторыю Беларусі і ролю агрэсіўных ідэалёгіяў у зьнішчэньні беларускай матэрыяльнай культуры, падаўленьні асобных аспэктаў калектыўнае памяці і абмежаваньні грамадзянскіх свабодаў, Беларуская бібліятэка і музэй імя Францыска Скарыны асабліва зацікаўленая ў матэрыялах, якія могуць быць немагчымым або цяжкім зьбіраць, захоўваць і рабіць даступнымі ў самой Беларусі.

3.2. Тып матэрыялаў
Мы зьбіраем архівы ўсіх тыпаў. Аднак трохмерныя артэфакты звычайна апрацоўваюцца ў нашай музэйнай калекцыі.

3.3. Храналягічны пэрыяд
Мы зьбіраем усе архівы ў межах нашае кампэтэнцыі па зборы, незалежна ад даты іх стварэньня.

3.4. Друкаваныя дакуманты, такія як улёткі, праграмы, плякаты і выразкі з газэтаў могуць быць набытыя для збору.

3.5. Выразкі з прэсы
Могуць быць набытыя выразкі з газэтаў альбо часопісаў, а таксама здымкі вэб-сайтаў, якія маюць дачыненьне да архіву. Яны папоўняць калекцыю выразак з прэсы.

3.6. Выяўленчыя матэрыялы
Бібліятэка будзе імкнуцца набываць выяўленчыя матэрыялы, у тым ліку фотаздымкі, паштоўкі і гравюры, у тым выпадку, калі яны адлюстроўваюць розныя бакі жыцьця беларусаў дыяспары.

4. Разьвіцьцё нашых архіўных фондаў

4.1. Беларуская бібліятэка і музэй імя Францыска Скарыны заўсёды імкнецца дапамагчы знайсьці найбольш прыдатныя умовы для матэрыялаў. Па гэтай прычыне мы будзем супрацоўнічаць зь любымі ўстановамі, якія працуюць у нашай сфэры збору. Там, дзе мы палічым неабходным, будзе прапанавана захаваньне гэтых матэрыялаў у Злучаным Каралеўстве.

4.2. Будуць зробленыя ўсе спробы вызначэньня аўтарскага права ўсіх матэрыялаў на момант іх набыцьця.

5. Як набываюцца і апрацоўваюцца нашыя архівы

5.1. Архіўныя калекцыі мы прыймаем у дар паводле адпісу ці перадачы або куплі.

5.2. Калі архіўныя калекцыі або асобныя запісы, якія лічацца важнымі ў агульным кантэксьце нашых фондаў, можна набыць толькі шляхам пакупкі, мы будзем спрабаваць гэта зрабіць выкарыстоўваючы, пры наяўнасьці, зьнешняе фінансаваньне.

5.3. Пасьля адбору і далучэньня архіваў, яны, як правіла, будуць захоўвацца пастаянна. Аднак мы пакідаем за сабой права праводзіць пэрыядычныя агляды архіўных калекцыяў і ацэньваць іх каштоўнасьць для дасьледаваньняў; і, пры патрэбе, рэкамэндаваць утылізаваць архівы, якія будуць прызнаныя не вартымі пастаяннага захаваньня. Утылізацыя архіваў будзе адбывацца толькі з папярэднім дазволам укладчыкаў архіваў.

Верасень 2015 г.