Мова, за якую плацілі жыцьцём: гісторыя Браніслава Тарашкевіча

1
1

“Калі б нават Браніслаў Тарашкевіч выдаў толькі сваю “Беларускую граматыку для школ”, ён ужо навекі застаўся б у аналах нацыянальнай гісторыі”, кажа пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў. Славуты падручнік Тарашкевіча ўпершыню замацаваў асновы граматыкі беларускае літаратурнае мовы – мовы “новага пісьменства”, што вырасла з народных гутарак. “Граматыка” выйшла ў Вільні ў 1918 г. на кірыліцы і лацінцы і вытрымала шмат перавыданьняў. У часы беларусізацыі 1920-х гг. была галоўным падручнікам па беларускай мове, пазьнейшыя падручнікі ствараліся на ейнай аснове. Моўныя нормы, выкладзеныя Тарашкевічам, сталі асновай клясычнага правапісу, які атрымаў назоў «тарашкевіца». Першае выданьне славутай “Граматыкі” Тарашкевіча ў кірылічным варыянце ўпрыгожвае сёлетнюю выставу “Няскораныя” у Скарынаўскай бібліятэцы.

Тытульны аркуш першага выданьня “Граматыкі” Браніслава Тарашкевіча, асобнік якога захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы

Браніслаў Тарашкевіч (1892 -1938) – выбітны беларускі мовазнаўца, перакладнік, публіцыст, грамадзкі і палітычны дзеяч. Народжаны на Віленшчыне ў сялянскай сям’і, ён атрымаў клясычную філялягічную адукацыю ў Петраградзкім унівэрсытэце, нейкі час выкладаў там расейскую і клясычныя мовы. Вярнуўшыся ў Беларусь у 1917 г. Тарашкевіч працягвае выкладаць, далучаецца да Беларускае сацыялістычнае грамады, але ў 1919 г., з прыходам савецкіх уладаў у Менск, зьяжджае ў Вільню. Там ён загадвае беларускім сэктарам дэпартамэнту асьветы Рэспублікі Сярэдняй Літвы, кіруе Віленскай беларускай гімназіяй, засноўвае Таварыства беларускай школы.

У 1921 г. Б. Тарашкевіч абіраецца дэпутатам (паслом) у польскі Сэйм, а ў 1922-1924 гадох кіруе Беларускім пасольскім клюбам – беларускай нацыянальнай фракцыяй у польскім парлямэнце. Робіцца сузаснавальнікам незалежніцкае Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады, пазьней далучаецца да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Ягоныя вострыя выступы і публікацыі ў абарону беларускае ідэнтычнасьці выклікаюць рэакцыю з боку польскіх уладаў, і ў 1927 г. Тарашкевіча разам зь іншымі лідэрамі беларускага руху ў Польшчы арыштоўваюць і абвінавачваюць у спробе дзяржаўнага перавароту. У 1928 годзе Тарашкевічу прысуджаюць 12 гадоў турмы. Датэрмінова вызвалены праз два гады, ён быў ізноў арыштаваны ў 1931 г. Менавіта тут, у польскай турме, Тарашкевіч пераклаў «Іліяду» Гамэра і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.

Чарговае вызваленьне прыйшло з савецкае Беларусі – у 1933 годзе польскія ўлады абменьваюць Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча – беларускага драматурга і тэатральнага дзеяча, сасланага на Салаўкі. Паводле аповедаў, у момант абмену на пытаньне Аляхновіча «Куды ж ты йдзеш, Броню?» Тарашкевіч адказаў: “На радзіму!” Але жыць на радзіме савецкія ўлады яму не дадуць – пашлюць працаваць у Маскву ў Міжнародны аграрны інстытут, і ўжо ў 1937 г. арыштуюць па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтру”. Афіцыйныя крыніцы кажуць, што Тарашкевіч быў расстраляны ў 1938 г., але паводле дасьледчыкаў, ён памірае пасьля дзевяці месяцаў катаваньняў у менскай турме.

Трагічны шлях нашага выбітнага мовазнаўцы, зьнішчанага сталінскай карнай машынай, у поўнай меры адлюстроўвае лёс, які напаткаў само беларускае мовазнаўства. Яшчэ ў другой палове 20-х гг. мовазнаўцы актыўна абмяркоўвалі далейшую рэформу тарашкевічавай граматыкі. Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе правапісу ў 1926 г. разглядала прапановы братоў Лёсікаў, працягвалася навуковая дыскусія. Абгрунтаваны праект моўнай рэформы падрыхтавала Правапісная камісія Сьцяпана Некрашэвіча ў 1930 г., але ажыцьцявіць яго ўжо не ўдалося – на зьмену палітыцы беларусізацыі прыйшлі рэпрэсіі і арышты самых выбітных “нацдэмаў”. Першымі сярод арыштаваных па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” сталі вядучыя мовазнаўцы – Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, М. Байкоў, В. Ластоўскі, якіх абвінавачвалі ў дэрусыфікацыі і палянізацыі беларускай мовы. Ва ўмовах амаль татальнага вынішчэньня беларускае мовазнаўчае супольнасьці, у час, калі вядучыя навукоўцы ўжо былі сасланыя, Саўнаркамам БССР і была праведзеная моўная рэформа 1933 г., якая зьмяніла беларускі правапіс у бок русыфікацыі. Правапіс паводле рэформы 1933 г., які не перадае асымілятыўнай мяккасьці ды іншых адметных характарыстыкаў нашае мовы, стаў вядомы як “наркамаўка” і дагэтуль ляжыць у аснове афіцыйнага беларускага правапісу.

Нават пасьля адмены тарашкевіцы ў савецкай Беларусі яна працягвала жыць у ліставаньні і публікацыях беларускае эміграцыі. Нашая бібліятэка з гонарам працягвае гэтую традыцыю.

Разварот з "Граматыкі" Браніслава Тарашкевіча"
Разварот зь першага выданьня “Граматыкі” Браніслава Тарашкевіча”

0 replies on “Мова, за якую плацілі жыцьцём: гісторыя Браніслава Тарашкевіча”