10-я гадавіна з дня сьмерці айца Аляксандра

Ацец Аляксандр Надсан
Айцец Аляксандар Надсан. Здымак з архіва Скарынаўкі


Сёньня спаўняецца 10 год з дня сьмерці айца Аляксандра Надсана – беларускага грэка-каталіцкага сьвятара, Апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа, гісторыка, перакладчыка, аднаго з стваральнікаў і шматгадовага дырэктара Скарынаўскае бібліятэкі.

Велізарным  быў духоўны, навуковы і грамадзкі даробак айца Надсана. Яшчэ пры жыцьці яго называлі чалавекам-інстытутам, духоўным лідарам нацыі і беларусам нумар адзін. Ён вывучаў беларускія старадрукі, расчытваў кітабы, пісаў грунтоўныя манаграфіі па рэлігійнай гісторыі. Ён зрабіў унёсак у скарыназнаўства, вызначыўшы дату выданьня Малой падарожнай кніжкі. Ён першым пераклаў з грэцкай мовы велізарны корпус літургічных тэкстаў бізантыйскага абраду, і дзякуючы яму беларуская мова загучала ў нашай царкве. Ён гуртаваў людзей, наведваючы асяродкі беларускай дыяспары ва ўсім сьвеце, і зьвяртаючыся да іх у сваіх рэгулярных велікодных і калядных казаньнях на Радыё Свабода. А калі стала магчыма, першым павёз у Беларусь мэдычную дапамогу ахвярам Чарнобыля. 

Багаты плён ягонае працы яшчэ доўга будуць асэнсоўваць дасьледнікі. А для нас, беларускай супольнасьці і сяброў Беларусі ў Брытаніі, ягоны плён найлепш бачны ў працягу і разьвіцьці сталага асяродку беларускае культуры – Скарынаўскай бібліятэкі і беларускай царквы ў паўночным Лёндане.

Што зьмянілася тут за тыя дзесяць гадоў, што няма з намі айца Аляксандра? Найвялікшай падзеяй, безумоўна, стала пабудова ў 2016 г. царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага і Ўсіх Сьвятых Заступнікаў Беларускага Народу. У садзе Марыян-Гаўзу, ва ўнутранай капліцы якога айцец штодня маліўся за беларускі народ, паўстала новая драўляная царкоўка – вытанчаны ўзор сакральнага дойлідзтва, натхнёны драўлянымі цэрквамі, якіх так багата было калісьці ў Беларусі. Айцец Аляксандар добра ведаў архітэктара Цзыўая Со, абмяркоўваў зь ім ягоны праект, асьвяціў крыж на месцы будучай пабудовы, але завершанай царкву так і не пабачыў. Ягоную місію цяпер працягвае айцец Сяргей Стасевіч, вучань і наступнік айца Аляксандра, які ад пачатку кіраваў праектам пабудовы. І ў новай царкве, як калісьці, гучыць малітва за беларускі народ і праходзяць набажэнствы, тэксты якіх пераклаў на беларускую мову айцец Надсан (тэксты можна знайсьці тут).

Зьмянілася за гэтыя гады і бібліятэка. Абнавілася і пашырылася ейная фізычная прастора, разгарнулася праца над электронным каталёгам, ствараецца новы музэй. Велізарны дасьледчы і культурны патэнцыял бібліятэкі, закладзены айцом Аляксандрам, рэалізуецца праз наладжваньне сувязяў з іншымі акадэмічнымі ўстановамі і беларускімі асяродкамі за мяжой. Летась бібліятэка зьдзейсьніла першае ад часоў айца Надсана акадэмічнае выданьне аднаго з сваіх скарбаў – у лёнданскім выдавецтве “Скарына” выйшаў фотаальбом экспэдыцыі В. Ластоўскага. Беларускае жыцьцё не спыняецца ў гэтых сьценах, і ва ўсім, што тут адбываецца, нязьменна адчуваецца прысутнасьць айца. Бо сама бібліятэка, гэты скарб, сабраны, дасьледаваны, апісаны ў вялікай ступені ягонымі намаганьнямі, – гэта мэмарыял ягонай памяці і ягонай працы. 

Цягам гэтых дзесяці гадоў паступова зьмянілася пакаленьне апекуноў бібліятэкі. Бібліятэчная рада цяпер цалкам складаецца з тых, што прыехалі у Брытанію студэнтамі ў 1990-я ці раньнія 2000-я. Прыехалі або вывучаць тэалёгію на запрашэньне самога айца Аляксандра, або патрапілі іншым шляхам і самі знайшлі дарогу да створанага ім асяродку. Нам, тагачасным маладым беларусам з постсавецкай прасторы, ён адкрываў цалкам іншую Беларусь, захаваную паваеннай дыяспарай, і ў гэтай Беларусі хацелася жыць і працаваць. У тым, што Скарынаўка працягвае разьвівацца ў пераемнасьці з пакаленьнем айцоў-заснавальнікаў, – заслуга айца, які ў свой час падбаў пра працяг. “Я зрабіў, што мог, цяпер вы старайцеся”…

Дзесяць гадоў таму радыё Свабода апублікавала відэарэквіем у памяць айца Аляксандра Надсана. Кароткі ролік завяршаецца сымбалічным момантам напрыканцы літургіі: айцец, заходзячы ў алтар і зачыняючы за сабою царскую браму, затрымліваецца на імгненьне, і кажа з усьмешкай прысутным: “Гэта яшчэ не канец”. Азіраючыся назад на той шлях, які прайшла Беларусь і ўвесь сьвет за гэты час, міжволі шукаеш надзею ў ягоных словах. 

Апекуны Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны

Мы пачалі збіраць матрыялы ў СМІ пра айца Аляксандра – там знойдзецца, што пачытаць у дзень яго памяці.

0 replies on “10-я гадавіна з дня сьмерці айца Аляксандра”