На 105-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну: Лявон Рыдлеўскі

Лявон Рыдлеўскі, 1929 год. Фота: Радыё Свабода, svaboda.org

У Дзень Герояў згадваем нашага суайчыньніка, героя-случчака Лявона Рыдлеўскага, жыцьцёвы шлях якога паяднаў Беларусь, Францыю і Брытанію.

Яшчэ падлеткам ён далучыўся да Слуцкага збройнага чыну. Удзел у гэтай важнай гістарычнай падзеі вызначыў ягоны далейшы лёс і сфармаваў ягоны характар як беларускага патрыёта, гатовага змагацца за годнасьць і свабоду свайго народу.

Лявон Рыдлеўскі ў францускім войску (у цэнтры ў верхнім шэрагу). 1940 год. Фота: Радыё Свабода, svaboda.org

У міжваенныя і паваенныя дзесяцігодзьдзі Рыдлеўскі стаў адным з найбольш адданых беларускіх дзеячаў у эміграцыі. У Францыі разам зь Мікалаем Абрамчыкам ён заснаваў Аб’яднаньне беларускіх работнікаў „Хаўрус”, працаваў у беларускай сэкцыі Францускай хрысьціянскай канфэдэрацыі працоўных, стаў беларускім прадстаўніком пры Міжнароднай арганізацыі ўцекачоў, а ў 1948 годзе ўзначаліў Сусьветнае аб’яднаньне беларускай эміграцыі (САБЭ). Быў таксама намесьнікам Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лявон Рыдлеўскі ў Лёндане, 1952-53. Фота: з архіхваў Скарынаўскі.

Свой апошні прытул Рыдлеўскі знайшоў у Лёндане. Некалькі гадоў таму беларуская дыяспара з удзячнасьцю і пашанай усталявала на ягонай магіле новы помнік. На ім выбітыя словы, якія найлепш апісваюць ягонае служэньне і веру: „Жыў для Бога і Беларусі”.

Надмагільле Лявона Рыдлеўскага. Фота: К. В.
Надмагільле Лявона Рыдлеўскага. Фота: К. В.

У архіве Бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане да cёньня захоўваецца вялікая частка ягонага ліставаньня — жывая памяць пра чалавека, які ўсё жыцьцё няспынна працаваў дзеля беларускай справы. 

Архівы Рыдлеўскага ў нашай бібліятэцы вывучае польская дасьледніца Катажына Вашчынская (здымак надмагільля Л. Рыдлеўскага – К.В.)

0 replies on “На 105-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну: Лявон Рыдлеўскі”