Паміж дзвюма сусветнымі войнамі яшчэ адзін француз цікавіўся Беларуссю — гісторык‐паланіст, патомны прафесар гісторыі Грэнобльскага ўніверсітэта Амбруаз Жабэр.
Да Беларусі, як і вядомыя нам ужо Рэнэ і Антуан Мартэлі, ён прыйшоў таксама праз Польшчу, праз Першую Рэч Паспалітую, калі зусім дакладна. Менавіта Першая Рэч Паспалітая стане тэмай усяго жыцця гісторыка. І менавіта праз яе ён адкрые беларускую тэму, беларускі «лінгвістычны нацыяналізм», беларускі рух.
Уласна пра Беларусь Амбруаз Жабэр (Ambroise Jobert) (1904–1988) пакіне невялічкую манаграфію на 35 старонак — «Беларускі рух і Польшча» (Le Mouvement biélorusse et la Pologne, 1939). Праца была знойдзеная і апрацаваная ў Скарынаўцы. На сёння яна не вядомая ў Беларусі, тым больш на тле іншых вельмі вядомых прац гісторыка: «Гісторыя Польшчы» (Histoire de la Pologne, Presses universitaires de France, 1953), «Ад Лютара да Магілы: Польшча падчас крызы хрысціянства» (De Luther à Mohila. La Pologne dans la crise de la Chrétienté, 1517–1648, Institut d’études slaves, 1974), «Эразм і Польшча» (Érasme et la Pologne, 1961), «Рэлігійная талерантнасць у Польшчы XVI ст.» (La Tolérance religieuse en Pologne au xvie siècle, G. C. Sansoni Editore, 1957), «Ля вытокаў Берасцейскай уніі: пратэстантызм у Рутэніі» (Aux origines de l’union de Briest: le protestantisme en Ruthénie, 1959) альбо «Польскія магнаты і французскія фізіякраты» (Magnats polonais et physiocrates français: 1767–1774, Les Belles Lettres, 1941).
Як бачна з назваў, усе яны тычацца і Беларусі, і з’яўляюцца цудоўнымі аналітычнымі працамі, якія прапануюць вонкавы цікавы і часта свежы, не замулены канкурэнцыяй погляд. Па сутнасці, гэта цікавыя падручнікі па вывучэнні палітычнай гісторыі Беларусі і суседніх краін.
Але вернемся да асноўнай працы французскага беларусіста — «Беларускі рух і Польшча». Копія, якая захоўваецца ў Скарынаўцы, ужо ў тытульніку ўтрымлівае памылку: так, аўтар пазначаны як М. Жабэр (а не А. — Амбруаз). Верагодней за ўсё, копія была зробленая ў парыжскім Інстытуце славянскіх даследаванняў Львом Гарошкам. Бо асноўная франкамоўная беларусіка, як сведчаць шматлікія лісты Л. Гарошкі да Ч. Сіповіча, сабраная ў цэлым менавіта ім.
Гэта не грунтоўная гістарычная праца, але першая гістарычная праца аб Беларусі па-французску. Калі Антуан Мартэль працаваў у філалагічным кірунку, у кірунку гістарычнай філалогіі, Рэнэ Мартэль апісваў Беларусь як публіцыст, то з-пад пяра Амбруаза Жабэра выйшла невялічкая, але насычаная і крытычная праца па гісторыі беларусаў. Гэта не проста кур’ёз для сучасных гісторыкаў, але важны дакумент франкамоўнай беларусікі, дадатковы погляд на нас звонку.
У працы даецца сціслая гісторыя беларусаў як запозненай нацыі. Хоць асноўная ўвага скіроўваецца на беларускі рух за Польшчай 20–30‐х гадоў ХХ стагоддзя, аўтар цікава і незвычайна падае папярэднюю гісторыю.
Ва ўступе Амбруаз Жабэр пазначае прагрэсіўную падзею — уз’яднанне беларускіх земляў у 1939 годзе. Гісторык эмацыйна пазначае, што «беларусы ўвасабляюць адзін з запозненых прыкладаў лінгвістычнага нацыяналізму ў Еўропе». Праз усю працу пазначаецца адсутнасць асобнай дзяржавы ў беларусаў, а таму і адсутнасць патрабавання дзяржаўнасці. Аўтар, такім парадкам, знаходзіць адказ, чаму ж у беларусаў слабая ідэнтычнасць — якраз праз адвечнае суіснаванне з іншымі народамі ў межах супольных дзяржаў. Далей Амбруаз Жабэр падкрэслівае, што не трэба цешыць сябе ілюзіямі: цяперашні БССР унутры СССР мае хіба культурную аўтаномію, у астатнім ён цалкам бязвольны. Адзіны плюс для беларусаў ад СССР даследнік бачыў хіба ва ўз’яднанні нацыі.
Мова стала галоўным крытэрам у паданні лакальнай гісторыі. І французскі гісторык смела пазначае, што беларуская, а ў далёкай гісторыі «рутэнская мова» сягае ў часіны княстваў (Пінска‐Тураўскага, Полацкага, Смаленскага і Чарнігаўскага). Менавіта «рутэнская мова» і спачатку «грэчаская вера» перамаглі балцкае паганства. І нават позні хрост на заходні манер балтаў не паслабіў рутэнскай мовы: справаводства, двор, гаспадарка пыніліся на мове беларусаў. Удар па рутэнскай мове нанеслі польская мова і слабыя высілкі саміх рутэнамоўных, якія не прадпрымалі захадаў па рэфармаванні і развіцці мовы. Калі ў XVI стагоддзі польскія пісьменнікі, культурныя дзеячы выпрацоўваюць літаратурны стандарт, пра рутэнскую мовы ніхто нават не турбуецца. Яна застаецца кніжнай, канцылярскай, дыялекты рутэнскай ніяк не прывязваюцца да пэўнага стандарту, а таму сацыяльны поспех маналітнай, распрацаванай, размоўнай польскай мовы забяспечаны.
І тут французскі гісторык ідзе далей і накідваецца з крытыкай на Ф. Скарыну. Хоць і з’яўляецца ён слынным (перша)друкаром, але, на жаль, яго немагчыма ставіць у адзін шэраг з Янам Гусам ці Лютарам, бо Скарына не ажыццявіў вычынаў, роўных тым, што зрабілі Гус і Лютар. Скарына толькі задаволіўся перадрукаваць стараславянскі тэкст, патлумачыць старыя словы, часткова дадаць словы з рутэнскай размоўнай мовы, ну і смела дадаць у тэкст польскія і чэшскія словы. Глабальна ж перакладу на рутэнскую мову не адбылося, адкуль і канчатковая параза рутэнскай мовы ў самым канцы XVI стагоддзя.
Але, як ні дзіўна, на думку французскага гісторыка, менавіта гэты заняпад мовы, паланізацыя паспрыяюць канчатковаму адасабленню беларусаў ад усіх: ад украінцаў, ад палякаў. Расійская імперыя атрымае, не зважаючы па прапаганду і лозунг уз’яднання нібыта братоў, насамрэч, чужынскі, іншамоўны, іншаканфесійны і іншадумны народ — беларусаў.
З канца XVI па амаль канец ХІХ стагоддзя рутэнская мова знікае з публічнай сцэны, захоўваецца простым людам і аднаўляецца ўжо ў розных варыянтах — у беларускім вяртаецца да жыцця з‐пад пяра Багушэвіча ў 1891 годзе. Беларускі рух уз’ядноўваецца вакол слаўнай гісторыі, але перадусім вакол мовы, на якой у мінулым размаўляў як просты, так і шляхетны люд, калі прыгадаць прадмову Францішка Багушэвіча.
Беларускі рух, на думку гісторыка, — гэта перадусім рух культурніцкі і моўны, у апошнюю чаргу палітычны. На прыкладзе адноўленага беларускага руху за Расіяй, потым за Польшчай гісторык даводзіць, што федэралісцкае мінулае беларусаў абумоўлівае іх і ў ХХ стагоддзі: беларусы рэдка патрабуюць незалежнасці, часцей бачаць сябе ў хаўрусе з кімсьці.
Спецыяліст па Польшчы, Амбруаз Жабэр разглядае беларускі рух у звязцы з польскай дзяржавай, бо якраз у дыктатарскай Польшчы з 1926 года, як падкрэслівае гісторык, беларускі рух зведаў асаблівыя выпрабаванні і прадэманстраваў нечуванае дагэтуль супраціўленне чарговай паланізацыі. Крытычны паланіст пазначае, што Польшча не мяняецца і аднадумна ўжывае рэсурс паланізацыі: зноў і зноў спрабуе асіміляваць беларусаў, перакручвае вынікі перапісаў насельніцтва, наўмысна робіць з беларусаў палякаў, забараняе беларускія рухі, школкі, нават фізічна забівае беларусаў. А магла быць разумнейшай: хітра, у супрацьвагу Саветам, даць рэальную аўтаномію беларусам, украінцам і зрабіць прывабнай Польшчу для савецкіх беларусаў і ўкраінцаў. Бо атрымалася ўсё інакш: крэсовыя беларусы больш сімпатызавалі БССР—СССР, чым Варшаве. У выніку беларускі рух схіліўся да лявіцы, і беларускае пытанне было лёгка выкарыстанае і развязанае СССР.
З асцярогай у канцы 1939 года завяршаў свае эсэ французскі беларусіст, паставіўшы ў канцы працы пытанне. Ці вырашанае цяпер беларускае пытанне ў межах СССР? Пакуль не вядома — працягвае аўтар, — будучыня пакажа нам гэта. Але ўжо вядома, што Польшча прайграла, а СССР удала скарыстаўся вузкалоб’ем суседкі. І так аптымістычна, хоць, варта пазначыць, з асцярогай, завяршае працу Амбруаз Жабэр: «…і беларуская мова трыумфуе цяпер паўсюль: у школах, у прэсе, у радыё»…
Уладзіслаў Гарбацкі, апублікавана ў тыднёвіку “Новы час”