
Галіна Казіміроўская, мастацкі кіраўнік і дырыжор хор “Concordia”, апрацавала частку архіўнай калекцыі Скарынаўкі – архіў Міколы Куліковіча.
Паводле спадарыні Галіны, з чым нельга не пагадзіцца, праца з гэтым архівам і, як вынік, запіс харавога альбома, — вялікі ўклад у справу захоўваньня беларускай культурнай спадчыны, развіцьця і прасоўвання беларускага мастацтва ў сьвеце.
Меркавана, гэта – першы альбом, ён складаецца з 11 духоўных твораў Міколы Куліковіча — выбітнага беларускага кампазітара, дырыжора, музыколага, этнографа, музычнага крытыка і паэта, які пасля рэпрэсій у 1944 годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму. Вялікая колькасьць музычнай спадчыны, якую пакінуў Мікола Куліковіч, яшчэ ніколі не была прадстаўлена слухачам.
Выканаўцам праекта з’яўляецца Concordia Choir — камерны харавы калектыў, які быў заснаваны ў 2007 годзе ў Мінску (Беларусь). У 2021 годзе хор адрадзіў сваё існаванне на тэрыторыі Польшчы, куды частка яго ўдзельнікаў былі вымушаны з’ехаць. У дадзены момант, у складзе каля 15 чалавек працягвае сваю дзейнасць у Варшаве. Асноўнай місіяй хора з’яўляецца прэзентацыя беларускай харавой культуры.
У рэпертуары хора больш за 150 твораў самых розных эпох: адраджэнне, барока, класіцызм, рамантызм, музыка ХХ стагоддзя і жанраў: харавыя канцэрты, харавыя мініятуры і песні, песні народаў свету, калядная музыка, джазавыя творы. Вялікае месца ў рэпертуары хору займае сучасная беларуская музыка, з дапагай якой хор жадае адкрыць Беларусь для іншых народаў. Важную ролю ў дзейнасці хора адыгрываюць прэм’еры музыкі сучасных беларускіх кампазітараў.
Сачыць за дзейнасцю хора можна ў сацыяльных сетках: Facebook, Instagram. Ахвяраванні на запіс твораў са сховішчаў Скарынаўкі (з архіва Міколы Куліковіча) збіраюцца тут.
Запіс, звядзенне: Everest Media Recording Studio Warsaw Павал Сініла, Todar. Крыніца відэа – Ютуб-канал “Concordia Choir”. Дызайн: Ксенія Хвастоўская
