Да Дня беларускай навукі і стагодзьдзя Інбелкульту

У гэтую нядзелю, 30 студзеня, на Бацькаўчыне будзе адзначацца Дзень беларускай навукі. Таксама мы сьвяткуем стагодзьдзе Інбелкульту – папярэдніка Акадэміі навук.

З гэтае нагоды Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны ў Лёндане перадае віншаваньні калегам у навуковай, культурнай і адукацыйнай сфэрах працы.

Асаблівыя вітаньні адрасаваныя тым, хто, нягледзячы на небясьпеку, трымаецца праўды і сумленьня ў сваёй прафэсійнай дзейнасьці. Мы, вашыя суайчыньнікі за мяжой, ганарымся вамі. Ваш ціхі голас чуваць грамчэй, чым можа здавацца ў гармідары, што дзеецца ў краіне. Беражыце сябе.

Мы салідарныя з усімі, хто страціў працу, здароўе, жыльлё, свабоду, і хто мусіў пакінуць Беларусь пасьля жніўня 2020 г. Прыкра, што гісторыя стваральнікаў і супрацоўнікаў Інбелкульту паўтараецца зноў.

Нашая бібліятэка была створаная суайчыньнікамі, якія мусілі пакінуць Беларусь у выніку Другой сусьветнай вайны. Яны ратавалі ня толькі ўласныя жыцьці. Яны захоўвалі таксама кнігі, рукапісы, творы мастацтва і рамяства, архівы. Яны скупалі іх у букіністычных крамах і на аўкцыёнах. І стваралі асяродкі, якія маглі б памнажаць тыя здабыткі. Яны верылі, што Беларусь будзе жыць.

Пры садзеяньні лёнданскай бібліятэкі былі апублікаваныя сотні беларусазнаўчых кнігаў і артыкулаў на розных мовах сьвету, сабраны архіў, створаныя музэй і калекцыя твораў беларускага мастацтва. Лёнданскі асяродак быў істотным фактарам у разьвіцьці англамоўнага беларусазнаўства ў XX стагодзьдзі. І ўсё гэта – безь дзяржаўнай фінансавай падтрымкі.

Нашым чарговым праектам сёлета стане супрацоўніцтва з Ivy Plus Libraries Confederation для разбудовы электроннага архіву “Беларуская палітыка і грамадзтва”. Ivy Plus Libraries Confederation яднае бібліятэкі самых прэстыжных унівэрсытэтаў ЗША. Мы ўдзячныя амэрыканскім калегам, што крыніцы па найноўшай гісторыі Беларусі будуць зьбірацца і захоўвацца. Мы радыя дадаць свае высілкі да гэтае працы.

Суайчыньнікі – трымаймася, не зьнеахвочваймася! Беларусь там, дзе нашыя сэрцы, галовы і рукі.

Калі вынікі вашае працы, дасьледаваньняў ці творчасьці сёньня ў небясьпецы, памятайце пра Скарынаўку, якая дзесяцігодзьдзямі карпатліва зьбірала й захоўвала тое, што зьнішчалася ў Савецкай Беларусі. Яна давала дасьледчыкам доступ да таго, што хавалася ў савецкіх спэцхранах. Цяпер ужо новыя пакаленьні працягваюць працу, пачатую паваеннай дыяспарай. Мы будзем радыя супрацоўнічаць з усімі дасьледчыкамі й творцамі, з навуковымі, культурнымі, адукацыйнымі й іншымі асяродкамі дзеля агульнай справы – лепшае будучыні для Беларусі і нашага народу.

***

Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны ў Лёндане бярэ свае пачаткі ў 1950-60-х гадох. У 1971 годзе яна стала асобнай установай для збору кніг і артэфактаў, датычных Беларусі, і заахвочваньня беларусазнаўчых дасьледаваньняў. Яна зарэгістраваная ў Ангельшчыне як незалежная ад дзяржавы дабрачынная арганізацыя, і кіруецца Радай апекуноў зь ліку беларускай дыяспары.

Вэбсайт: [email protected]
Электронная пошта: library@skaryna
Фэйсбук: https://www.facebook.com/skaryna
Інстаграм: https://www.instagram.com/skarynalibrary

***

На здымку – альбом з фотаматэрыяламі экспэдыцыі катэдры этнаграфіі Інстытуту беларускай культуры пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага, якая праходзіла летам 1929 году па маршруце Слуцак — Асташкавічы. Альбом захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы.

Tags from the story
0 replies on “Да Дня беларускай навукі і стагодзьдзя Інбелкульту”