Архіў забытай экспэдыцыі

Артыкул з фотальбому “Экспэдыцыя 1928 году Вацлава Ластоўскага”

Вольга Лабачэўская

Назад да альбому

Альбом задакумэнтаваў падзею ў музэйным і навуковым жыцьці Беларусі – этнаграфічную экспэдыцыю, якая адбылася напрыканцы чэрвеня — у пачатку ліпеня 1928 г. Яе арганізавалі катэдра этнаграфіі Інстытуту беларускай культуры і Беларускі дзяржаўны музэй — галоўныя ў краіне ўстановы, якія вывучалі і зьбіралі ўзоры беларускай культуры. Так сталася, што ў той час ачольваў іх адзін і той жа чалавек — акадэмік Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883–1938) — выдатны дзеяч беларускага Адраджэньня.

Этнаграфічны пэрыяд біяграфіі Вацлава Ластоўскага

Гэта быў час вельмі актыўнай працы Вацлава Ластоўскага, які распачаўся зь ягонымпераездам з Коўны ў канцы сакавіка 1927 г. У Менску[1] ён узначаліў катэдру этнаграфіі Інбелкульту і адначасова быў прызначаны на пасаду дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю. Пэрыяд ягонага жыцьця да першага арышту ў кастрычніку 1929 г. і пазбаўленьня пасады неадменнага сакратара Беларускай акадэміі навук, і да другога арышту ў Сібіры 21 ліпеня 1930 г. падчас досьледаў беларускіх перасяленцаў, быў кароткім, але вельмі плённым, і ў ягонайбіяграфіі можа быць акрэсьлены як «этнаграфічны». Менавіта на этнаграфічных дасьледаваньнях беларускай культуры гэты рознабаковы чалавек засяроджвае сваю ўвагу ў гэты час. Зь пераездам на радзіму ён атрымаў магчымасьць непасрэдна назіраць і вывучаць побыт і розныя праявы мастацкай творчасьці беларусаў. Чулы да прыгажосьці, сам адораны мастацкім талентам, шукаючы з нашаніўскіх часоў адказу на пытаньне ў чым праяўляецца «народны беларускі стыль», Вацлаў Ластоўскі засяроджваецца на тэмах, якія дазвалялі раскрыць асаблівасьці самабытнай культуры беларусаў.

У Інстытуце беларускай культуры В. Ластоўскі адразу актыўна ўключаецца ў арганізацыйную навуковую работу: быў абраны ў прэзыдыюм Інбелкульту ў якасьці неадменнага сакратара і правадзейнага члена па катэдры этнаграфіі, працаваў у выдавецкім бюро. Дасьледнік узначаліў катэдру этнаграфіі, якая зь ягоным прыйсьцем была вылучаная ў асобную адзінку ў структуры Інбелкульту. Сакратаром катэдры быў І. Сербаў, навуковымі супрацоўнікамі зьяўляліся А. Шлюбскі і М. Касьпяровіч. Восеньню 1927 г. В. Ластоўскі публікуе на старонках часопіса «Наш край» — органа Цэнтральнага бюро краязнаўства, апытальнік «Інструкцыя для зьбіраньня рэчаў у этнографічныя аддзелы музэяў»[2]. Ён ўзначальвае створаную ў кастрычніку 1928 г. камісію па вывучэньні народнага мастацтва пры катэдры этнаграфіі[3], якая ставіла задачай вывучэньне арнамэнту, тканін, разьбярства і інш.[4]

У пляне катэдры за В. Ластоўскім у 1927–1928 гг. значыліся наступныя навуковыя працы: «зложыць манаграфічны нарыс аб ядзе і піцці беларусаў»[5] пад назвай «Яда і піта беларуса»[6]; падрыхтоўка даклада аб «наменклатуры арнаменту» і падрыхтоўка да друку альбома «Беларускія народныя арнаменты»[7], збор матэрыялаў і напісаньне працы «Вянок — дзявочы галаўны ўбор»[8] і манаграфіі «Матэрыяльная культура Беларусі», якая ахоплівала пэрыяд з XVI па XX стст. Пры ягоным кіраваньні быў складзены і ўбачыў сьвет альбом беларускіх ткацкіх узораў Віцебшчыны А.А. Астрэйкі[9], рыхтаваўся альбом беларускіх народных паясоў, манаграфія аб беларускай драўлянай будоўлі[10]

14 сьнежня 1927 г. дасьледнік прадставіў да ўвагі катэдры даклад «Прочкі і разлучыны», тэкст якога быў затым апублікаваны ў «Запісках Аддзелу гуманітарных навук. Т. 4 Працы катэдры этнографіі. Т. І. Сш. І». Запачаткаваў зборнік менавіта В. Ластоўскі, і ў ім былі надрукаваныяпрацы, якія сталі клясыкай беларускай этнаграфіі: «Камень у вераваньнях і паданьнях беларуса» М. Мялешкі, «Аб беларускай набойцы» А. Шлюбскага, «Этнографічнае вывучэньне каўтуна» М. Грынблата[11].

В. Ластоўскi не абмінаў магчымасьці непасрэдна самому назіраць праявы жыцьця і побыту беларусаў, дакрануцца да крыніц народнай мудрасьці і прыгажосьці. На працягу 1928 г. ён узяў удзел у дзьвюх этнаграфічных экспэдыцыях, мэтай якіх было вывучэньне народнага мастацтва i матэрыяльнай культуры. Першая экспэдыцыя выяжджала па маршруце Слуцак — Асташкавiчы (каля Мазыра), другая па маршруце Лепель — Полацак.

Адначасова з рознабаковай навуковай і арганізацыйнай дзейнасьцю ў Інбелкульце В. Ластоўскі выконвае абавязкі дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю. Абедзьве інстытуцыі шчыльна супрацоўнічалі. Па сутнасьці этнаграфічны аддзел музэю быў філіяй Інбелкульту — яны разам ладзілі экспэдыцыі, зьбіралі этнаграфічныя матэрыялы і музэйныя экспанаты, рыхтавалі выставы. 

В. Ластоўскі на пасадзе дырэктара зьмяніў П. Харламповіча, які ў сувязі зь пяцігадовым юбілеем Беларускага дзяржаўнага музэю пісаў: «…можна з пэўнасьцю сказаць, што Этнографічны Аддзел у сучасны момант мае вялікую колькасьць выключнага па хараству, паўнаце і рэдкасьці матар’ялу — тканіны і вопраткі, узоры якіх ужо ня часта сустракаюцца на вёсцы…»[12]. Разам з тым у пачатку 1928 г. у часопісе «Полымя» было адзначана, што этнаграфічны аддзел музэю раней знаходзіўся ў «страшэнным заняпадзе» і, дзякуючы правядзеньню музэйных экспэдыцый, пачаў папаўняцца новымі рэчамі і ў выніку быў «зусім пераабсталяваны нанава»[13]. Напрыканцы году ў артыкуле аб музэі ў зборніку «Беларуская культура» В. Ластоўскі зазначыў, што, дзякуючы актыўнай экспэдыцыйнай дзейнасьці, калекцыя народнага мастацтва налічвала 2500 экспанатаў, і сярод іх значнае месца займалі народныя тканіны[14]. Падыход В. Ластоўскага да экспазыцыі этнаграфічнага аддзелу быў скіраваны на дэманстраваньне ўзораў народнага мастацтва, у адрозьненьне ад папярэдняй устаноўкі на паказ быту, пра што ён гаварыў у дакладзе Глаўнавуцы 21 сьнежня 1928 г.[15] Для этнаграфічнага аддзелу ён прапанаваў наступныя пададдзелы: «вырабы з дрэва, тканіны, вышыўкі, анталяжы, карункі і фарботы, ганчарныя вырабы, вырабы з мэталяў, вопраткі, дзіцячыя цацкі, вырабы з бяросты, маляваньне па дрэве, зьвёзды і батлейкі, саламяныя “павукі”, набойкі»[16].

Значная колькасьць экспанатаў была дастаўленая ў музэй экспэдыцыяй пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага па маршруце Слуцак — Асташкавічы, якая адбылася ў другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня 1928 г.[17] Мэтай экспэдыцыі было вывучэньне народнай вопраткі і арнамэнтыкі[18]. Вынікі экспэдыцыі далі вялікі плён: было «сабрана 600 экспонатаў з народнага мастацтва і матарыяльнай культуры, сярод якіх ёсьць экзэмпляры зьнікаючых тыпаў беларускай народнай вопраткi; зроблена звыш 400 фотографічных здымкаў, сабраны фольклёрны матэрыял і праведзены этнографічныя нагляданьнi»[19].

Калектыўнае фота ўдзельнікаў экспэдыцыі

У экспэдыцыі акрамя Вацлава Ластоўскага бралі ўдзел кіраўнік этнаграфічнага аддзелумузэю Аляксандр Міхайлавіч Паноў, мастак-фатограф Тодар Гальмаджан і Станіслава Пятроўна Ластоўская. Дасьледчая група сфатаграфавалася разам у мястэчку Даманавічы. Гэты дакумэнт, зьмешчаны ў фотаальбоме матэрыялаў экспэдыцыі, дазваляе нам быць саўдзельнікамі падзеі, якая адбылася сто гадоў таму, злучыць у часе і прасторы лёсы людзей, сьляды і памяць аб якіх няўмольны час і молах рэпрэсіўных ідэалёгій імкнуліся выкрасьліць зь беларускай гісторыі. 

Аляксандр Паноў быў старэйшым удзельнікам экспэдыцыі — меў на той час 64 гады. Ён нарадзіўся ў 1864 г. у Мінскай губэрні. У 1888 г. закончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя[20]. А. Паноў стаяў ля вытокаў музэйнай справы ў Беларусі. У 1908 г., будучы інспэктарам і выкладчыкам духоўнай сэмінарыі, рэдактарам «Минских епархиальных ведомостей», ён стаў адным з ініцыятараў стварэньня Мінскага царкоўна-археалягічнага камітэту і музэю пры ім. Ягоны даклад пры адкрыцьці камітэту быў надрукаваны ў «Минскай старине»[21]. А. Паноў уваходзіў у склад камітэту, а ў 1909 г. выконваў абавязкі яго старшыні[22]. З 1919 г. ён выкладаў у 4-й школе Менску і Менскім інстытуце народнай адукацыі[23], быў адным з заснавальнікаў Менскага таварыства гісторыі і даўніны, якое ў 1920 г. распачало ў БССР краязнаўчы рух[24]. З 1925 г. браў актыўны ўдзел у працы камісіі па ахове помнікаў і падкамісіі па вывучэньні Старога Менску ў гісторыка-археалягічнай камісіі Інбелкульту, быў адным з аўтараў рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра горада[25].

Невыпадкова, пасьля вяртаньня ў 1922 г. з Разані эвакуяваных у 1915 г. экспанатаў царкоўна-археалягічнага музэю, якія былі перададзены Беларускаму дзяржаўнаму музэю, А. Паноў становіцца яго супрацоўнікам. У 1927 г. ён прымаў чынны ўдзел у падрыхтоўцы выставыслуцкіх паясоў, быў аўтарам уступнага артыкула да каталёга выставы, у якім абагульніў матэрыялы папярэдніх публікацый на гэтую тэму[26]. Музэйная рада яшчэ да адкрыцьця выставыў сакавіку 1927 г. выказала яму падзяку за складаньне каталёга: «Адзначыць працу т. Панова за складваньне нарысу па гісторыі Слуцкага пояса»[27]. Таксама ён браў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы аддзела «Стары Менск» у Беларускім дзяржаўным музэі, які праіснаваў да 1929 г.

На агульным фота ўдзельнікаў этнаграфічнай экспэдыцыі 1928 г. А. Паноў вылучаецца сталым узростам, высокім ростам і моцным целаскладам.

Тэадор Раманавіч Гальмаджан-Гальмады (1890–1941) на фотаздымках пазнаецца па нетутэйшым чарнявым твары. У 1927 г. ён, вугорац паводле нацыянальнасьці, архітэктар і скульптар паводле прафэсіі, прыехаў у Менск і праз год атрымаў грамадзянства СССР [28]. На той момант яму было 38 гадоў. Ён нарадзіўся ў мястэчку Кранштаце ў тагачаснай Аўстра-Вугорскай імпэрыі (сучасны Брашоў у Румыніі), дзе атрымаў пачатковую адукацыю ў мастацка-прамысловай школе[29]. У 1910 г. ён скончыў аддзяленьне архітэктуры Вышэйшай тэхнічнай вучэльні ў Будапэшце і два гады вучыўся на аддзяленьні плястыкі Акадэміі мастацтва ў Мюнхэне, пасьля адбыў замежную камандыроўку ў Італію і на Блізкі Ўсход, у Егіпет. Ён вольна валодаў сямю мовамі: вугорскай, нямецкай, румынскай, польскай, францускай, італьянскай, расейскай. Т. Гальмаджан[30] цікавіўся народным мастацтвам і зьяўляўся аўтарам працы «Вугорскія дэкаратыўныя матывы ў аздобах» (1913). Магчыма менавіта гэты факт садзейнічаў ягонаму знаёмству з В. Ластоўскім, які паспрыяў прыезду мастака і фатографа ў Менск і прыняў яго на працу ў Беларускі дзяржаўны музэй. У сярэдзіне 1928 г. з мастаком была заключанаядамова на выкананьне альбома з 35 табліц мастацкіх замалёвак 120 народных паясоў, на што СНК БССР «ідучы насустрач патрэбам жыцьця» перавёў Беларускаму дзяржаўнаму музэю 500 руб. Як пісаў часопіс «Полымя», «пробная работа т. Гальмаж’яна сьведчыць аб тым, што альбом будзе складаць вялікую каштоўнасьць як у галіне мастацтва, так і ў практычным значэньні»[31]. Уяўляецца, што ініцыятарам такога заданьня быў В. Ластоўскі, які ў той час вывучаў беларускі народны арнамэнт.

У экспэдыцыі Т. Гальмаджан, які прафэсійна валодаў фотаапаратам, выконваў абавязкі фатографа. Менавіта яму мы абавязаныя фотаздымкамі з гэтага падарожжа, сярод якіх ёсць сапраўдныя мастацкія фота, а таксама фотафіксацыя экспанатаў, якія паступілі ў выніку экспэдыцыі ў фонды музэю. Апошнія асабліва каштоўныя тым, што зафіксавалі прадметы, якія зьніклі з музэю падчас Другой сусьветнай вайны. 

Таксама ў экспэдыцыі Т. Гальмаджан рабіў замалёўкі, а фотаздымкі ў наступным выкарыстаў для стварэньня жывапісных твораў. Вядома, што ў экспазыцыі аддзела сучаснага беларускага мастацтва, які быў адчынены ў Беларускім дзяржаўным музэі ў 1929 г.,экспанавалася некалькі ягоных жывапісных твораў, намаляваных з натуры ў часе экспэдыцыйнае выправы музэю ў Слуцкую і Мазырскую акругі. У партрэтах «Галава старога», «Дзяўчына ў ськіндачцы», «Маладзіца ў намітцы» у профіль і анфас, як адзначыў у каталёгу аддзелу мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін, «падрабязна праштуд’яваны ўсе асаблівасьці вопраткі, асабліва гафты і характэрныя галаўныя ўбраньні»[32]. Дзякуючы падрабязнаму апісаньню ў каталёгу, можна скласці ўяўленьне і аб іншых творах Т. Гальмаджана, на якія мастака натхнілі экспэдыцыйныя ўражаньні. У эскізе «Давыдзіха» была паказаная постаць старой жанчыны ў намітцы, якая сядзіць на покуці за сталом, засланым даматканым абрусам. У кампазыцыі «Чаканьне» выкарыстаная фатаграфія маладзіцы ў кажуху каля плоту зь вёскі Асташкавічы, з той розьніцай, што паказаная яна на фоне зімовага пэйзажу вёскі. Вобраз калярытнага старога ў колішняй вышыванай сарочцы, якога экспэдыцыя таксама сустрэла ў вёсцы Асташкавічы, натхніла мастака на сюжэтную кампазыцыю «Агляд жыта» на тэму аднайменнага верша Якуба Коласа.

Усе сем твораў Т. Гальмаджана былі набытыя музэем і запісаныя ў інвэнтарнай кнізе пад № 7567 з парадкавымі нумарамі 4 – 10. У сучасных музэйных зборах яны ня выяўленыя. Дзякуючы выявам ў каталёгу працы «Дзяўчына ў ськіндачцы» і эскіза да карціны «Агляд жыта»[33], можна скласьці ўяўленьне аб творчым мэтадзе мастака, аб тым, як ён перапрацоўваў натурны матэрыял і аб яскравых уражаньнях, якія ён атрымаў у часе музэйнай вандроўкі па беларускіх вёсках.

У экспэдыцыі брала ўдзел Станіслава Пятроўна Ластоўская, жонка В. Ластоўскага. На агульным фота маладая, прыгожая жанчына ў белай хустачцы, арнамэнтаванай сарочцы і фартуху, у квяцістым кабаце слуцкага крою, які пасьля экспэдыцыі паступіў у фонд музэю, нагадвае сялянку. Яна далучылася да экспэдыцыі ў якасьці «сваеахвотнай удзельніцы», як гэта зазначана ў подпісе да калектыўнага фотаздымка. Яна была другой жонкай В. Ластоўскага, яе ён ласкава называў «Стаха»[34]. Вядома, што да пераезду ў Менск пара жыла ў цывільным шлюбе і страціла адзінага сына Юрася, які памёр у дзіцячым узросьце ў Коўне. Пэўне гэтая трагедыя сталася адным з трыгераў, які падштурхнуў Ластоўскіх да пераезду ў Менск. 

Станіслава Ластоўская на калектыўным фота ўдзельнікаў экспэдыцыі мае 39 гадоў. Яна нарадзілася ў 1889 г. у Вільні і ў біяграфічных зьвестках аб сабе пазначыла, што 15 гадоў была народнай настаўніцай: з 1905 па 1915 гг. у падпольнай школе, а з 1915 па 1920 гг. у легальнай школе, а пазьней з-за хваробы і інваліднасьці ўжо не працавала[35]

Калі разглядаеш экспэдыцыйнае фота, ня верыцца, што прыгожую жанчыну зь вялікімі вачыма, якая стаіць справа, чакаюць незваротная страта каханага мужа і цяжкія жыцьцёвыя выпрабаваньні. Вядома, што яна падзяліла высылку свайго мужа ў Саратаў[36]. Пасьля апошняга арышту В. Ластоўскага і катаваньняў у турме ў кастрычніку 1937 г. ён у адным зь лістоў турбаваўся пра «пагрозу арышту сябра майго жыцьця, інваліда жонкі»[37]. С. Ластоўская была арыштаваная праз тры месяцы пасьля мужа. Як член сям’і «ворага народу» 7 сьнежня 1937 г. яна была высланая на 8 гадоў у Тэмлаг — Тэмнікоўскі папраўча-працоўны лягер у Мардоўскай АССР. Вызваленая зь лягеру ў 1943 г. як «стойкі інвалід», яна вярнулася ў Саратаў. У гэтым жа годзе С. Ластоўская атрымала першую і адзіную за ўсе гады вестку аб сваім мужу — у лісьце НКУСпаведамлялася, што В. Ластоўскі памёр 5 верасьня 1943 г.[38] Да канца свайго жыцьця яна так і ня ведала, што Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 г. ейны муж быў прыгавораны да расстрэлу і бязьлітасны прысуд выкананы ў той самы дзень.

У пачатку красавіка 1949 г С. Ластоўская, у адчаі з-за немагчымасьці зарабляць на жыцьцё, знаходзячыся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, піша эмацыйнае хадайніцтва І. Сталіну аб зьняцьці «пятна», якое «порочило ее безвинно»: «Я человек старый (мне 60 лет), совершенно одинокая, не говоря даже о том, что больная. У меня нет других средств к жизни кроме моего труда, а мой паспорт ставит меня в бесправное положение. Я не заслужила себе такой старости. Я лично перед советской властью ничем не виноватая, даже на допрос ни разу не была вызвана, а живу на положении осужденной. Неужели тому нет конца?»[39]

Аб рэабілітацыі свайго мужа па расстрэльным прысудзе ў 1958 г. і аб рэабілітацыі 1988 г. па першым абвінавачаньні па справе “Саюза вызваленьня Беларусі” С. Ластоўская, верагодна, ужо не даведалася, хоць дата ейнага спачыну яшчэ ня высьветленая. Хутчэй за ўсё свой спакой яна знайшла ў Саратаве.

Набыткі экспэдыцыі

Пасьля вяртаньня з экспэдыцыі па маршруце Слуцак — Асташкавічы В. Ластоўскі меў наперадзе яшчэ год вольнага жыцьця і магчымасьці ажыцьцяўляць свае пляны адбудовы этнаграфічнай навукі і Беларускага дзяржаўнага музэю. 

Набыткі экспэдыцыі на Случчыну і Мазыршчыну былі значныя і каштоўныя. Часопіс «Полымя» у № 5 за 1928 г. паведамляў: «Гэтымі днямі вярнулася ў Менск этнаграфічная экспэдыцыя Інбелкульту і Беларускага Дзяржаўнага Музэю на чале з неадменным сакратаром ІБК т. Ластоўскім. Экспэдыцыя наведала шмат паселішчаў Случчыны і Мазыршчыны і сабрала шмат рэчаў матэрыяльнай культуры і народнага мастацтва. БДМ закупіў да 1000 розных мастацкіх тканін, рознай вопраткі, разьбы па дрэве і шмат інш. Апроч гэтага, экспэдыцыя знаёмілася на мясцох з рознымі прадметамі, якія маюць археолёгічнае і гістарычнае значэньне. Мастак-фатограф т. Гальмачан зрабіў да 300 фотографічных здымкаў тыпаў, орнамэнтаў і інш. Паміж рэчамі вопраткі экспэдыцыя здабыла вельмі цікавую мужчынскую кашулю асобага крою, накшталт грэцкага “Сакоса”, праславянскага тыпу, якую даўней апраналі мужчыны ў вялікія ўрачыстасьці або захоўвалі на сьмерць. У наступную восень у памяшканні БДМ будзе наладжана выстаўка ўсіх гэтых рэчаў»[40].

У ліпені ў «Хроніцы беларускай культуры» у часопісе «Полымя» зноў пісалася аб выніках праведзенай улетку экспэдыцыі: «Этнографічны аддзел папоўніўся рэчамі, якія сабраны этнографічнымі экспэдыцыямі Інбелкульту. Паміж сабраных матэрыялаў асабліва вызначаюцца нацыянальная беларуская жаночая вопратка і экспонаты, якія характарызуюць беларускую разьбу па дрэве. Гэтыя экспонаты былі знойдзены ў раёне Слуцак-Мазыр»[41].

Экспэдыцыя была вельмі плённай і дала шмат зусім новых і невядомых раней матэрыялаў. В. Ластоўскі дастаткова хутка іх апрацоўвае і рыхтуе адразу два навуковыя артыкулы: «Экспэдыцыя для вывучэньня беларускай народнай вопраткі і народнага мастацтва» і «Пісанае дрэва (аб конаўках, бажніцах, пернічных дошках)». Артыкулы былі ўключаныя ў ІІ том «Прац катэдры этнографіі» у сэрыі «Запіскі аддзелу гуманітарных навук» Інстытуту беларускай культуры. Другі па ліку том «Прац» імаверна ўбачыў сьвет на пачатку 1930 г. Яго напаткаў лёс аўтара згаданых артыкулаў, укладальніка і рэдактара навуковага тому В. Ластоўскага.

Рэпрэсаваныя 

Напрыканцы траўня 1929 г. адбылася яшчэ адна сумесная этнаграфічна-дыялекталягічная экспэдыцыя Музэю і Інбелкульту на Случчыну, маршрут якой ахапіў сяло Семежава і Чырвона-Слабадзкі раён Бабруйскай акругі. У ёй бралі ўдзел В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч і мастак-фатограф Т. Гальмаджан[42].

Тым часам у Беларусі хутка раскручваўся махавік рэпрэсій, які няўмольна перакрэсьліваў пляны і лёс дзеячаў беларускае навукі і культуры. У жніўні 1929 г. В. Ластоўскі быў звольнены з пасады дырэктара Беларускага дзяржаўнага музэю. Выставы па выніках экспэдыцыі Слуцак-Асташкавічы, заплянаванай на кастрычнік, не суджана было адбыцца. 20 лістапада 1929 г. акадэмік В. Ластоўскі быў вызвалены з пасады сакратара Беларускай акадэміі навук. 

Апошняя этнаграфічная вандроўка загадчыка катэдры этнаграфіі праходзіла далёка ад Беларусі. Разам з С. Некрашэвічам ён выправіўся ў Сібір для дасьледаваньня побыту, культуры, мовы беларусаў-перасяленцаў. 21 ліпеня 1930 г. акадэмікі былі арыштаваныя на параходзе «Табольск» на абшарах сібірскае ракі Об[43]. Справай «Саюзу вызваленьня Беларусі», распачатай супраць «нацдэмаўцаў» у БССР, трагічна завяршыўся этнаграфічны пэрыяд біяграфіі В. Ластоўскага[44].

Пад рэпрэсіі трапіў і другі том выданьня «Працы катэдры этнаграфіі» з артыкуламі этнографа, якія апісваюць вынікі экспэдыцыі лета 1928 г. па маршруце Слуцак — Асташкавічы.Другі том выйшаў як кніга 10 з сэрыі «Запіскі аддзелу гуманітарных навук», аб чым у 1930 г. была надрукаваная адпаведная абвестка[45]. Гэтае выданьне адсутнічае ў бібліятэках Беларусі, няма яго таксама ў буйных бібліятэках Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбургу. Калі ўлічыць, што наклад першага тома «Прац» складаў 1000 асобнікаў, то не меншы мог быць і наклад другогатома. Прычынай татальнай адсутнасьці кнігі ў бібліятэках можа быць толькі факт ейнайканфіскацыі органамі НКУС і далучэньня да сьледчай справы В. Ластоўскага. На гэты факт указваюць у сваім «антынацдэмаўскім» артыкуле Л. Бабровіч[46] і І. Шпілеўскі[47], якія зазначылі: «У працах катэдры этнографіі за 1930 г. (канфіскаваны)…»[48].

Артыкулы В. Ластоўскага, якія не ўяўляецца магчымым прачытаць, адлюстравалі непасрэдныя назіраньні дасьледніка над бытаваньнем народнага касьцюму на Случчыне і ў раёнах Гомельскай вобласьці, дзе мы сёньня лякалізуем калінкавіцкі строй традыцыйнага адзеньня беларусаў, мэтанакіравана сабраныя зьвесткі аб традыцыі ўжываньня драўляных коўшычкаў-карцоў і бажніц, аздобленых адмысловай разьбой. Разам з тым, назвы артыкулаў і часткова іхні зьмест не вынішчаныя зь беларускае навукі бясьсьледна. 

На абодва артыкулы спасылаўся ў 1932–1933 гг. М. Нікольскі[49], які пасьля арышту В. Ластоўскага заняў месца загадчыка сэктару этнаграфіі. Спасылкі прысутнічаюць у ягонай працы «Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваньнях беларускага сялянства», надрукаванай у 1933 г. у ІІІ выпуску «Прац сэкцыі этнографіі» Інстытуту гісторыі імя М. Н. Пакроўскага Беларускай акадэміі навук[50] і ў наступным IV выпуску ў артыкуле аўтарства акадэміка «Устаноўкі і мэтады беларускай нацдэмаўскай этнографіі»[51]. Выданьне «Прац» сэкцыі этнаграфіі ў 1930-я гг. вялі свой радавод ад І і ІІ тамоў «Прац катэдры этнографіі» Інбелкульту, запачаткаваных В. Ластоўскім, і працягвалі папярэднюю нумарацыю выпускаў. М. Нікольскі быў адзіным аўтарам двух апошніх выпускаў, бо па сутнасьці маладая беларуская этнаграфічная навука на той час была цалкам разгромленая. Па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», акрамя В. Ластоўскага, былі арыштаваныя і расстраляныя 300 чалавек, сярод якіх былі супрацоўнікі катэдры этнаграфіі Аляксандр Шлюбскі, Міхаіл Мялешка, Мікалай Касьпяровіч.

Рэвізія дасягненьняў беларускіх этнографаў распачалася ў 1931 г. калектыўнымі намаганьнямі «брыгады катэдры марксізму-ленінізму» у агульнай працы «“Навука” на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі». У трэцім выпуску манаграфіі «Этнографія. Музэйная справа»[52] татальнай крытыцы з клясавых пазыцый было падвергнутае ўсё, што было зроблена беларускай этнаграфіяй у папярэдні пэрыяд. Пры гэтым аўтары неаднаразова спасылаюцца на публікацыі ІІ тома “Прац катэдры этнографіі».

М. Нікольскі ў артыкуле «Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии», які зьявіўся ў часопісе «Советская этнография» у 1932 г.[53], а ў наступным годзе быў апублікаваны на беларускай мове ў ІІІ томе «Прац сэкцыі этнографіі», робіць спасылкі на ІІ том, удакладняючы, што «ІІ том не атрымаў распаўсюджаньня» і ўвесь яго матэрыял «амаль цалкам нацдэмаўскі» за выняткам артыкула самога аўтара «Міталёгія і абрадавасьць валачобных песень» [54]. На артыкул В. Ластоўскага пра экспэдыцыю 1928 г. М. Нікольскі робіць пяць, а на «Пісанае дрэва» — шэсьць спасылак.

Калі акадэмік М. Нікольскі не падаў году выданьня ІІ тому «Прац», А. Супінскі[55], загадчык аддзелу беларускай этнаграфіі Рускага музэю, у 1932 г. пры спасылках на публікацыю В. Ластоўскага ў артыкуле «“Понёва” и “вставка” в белорусской женской одежде», пазначае год выданьня «Прац» як «1930» і ўдакладняе, што яно «ня выйшла ў сьвет»[56]. Ён таксама дакладна падае старонкі, на якія спасылаецца. Палемізуючы з В. Ластоўскім наконт частак жаночага паяснога адзеньня і згадваючы коўшык (карэц) з выявай сонца, набыты Беларускім дзяржаўным музэем і адлюстраваны ў артыкуле «Пісанае дрэва», прыводзіць нумары малюнкаў[57]. З гэта вынікае, што працы В. Ластоўскага, напісаныя па матэрыялах плённай экспэдыцыі 1928 г. па маршруце Слуцак — Асташкавічы, нават пасьля таго, як ён быў асуджаны Калегіяй АДПУ СССР 10 красавіка 1931 і высланы на пяць гадоў у Саратаў, працягвалі функцыянаваць у навуковым этнаграфічным дыскурсе 1930-х гадоў, нягледзячы на тое, што падвергліся разгромнай ідэалягічнай «нацдэмаўскай» крытыцы.

Уратаваньне альбома

На шчасьце, здабыткам экспэдыцыі не было наканавана зьнікнуць бязь сьледу. Па ейнымвяртаньні ў Менск набытыя экспанаты паступілі ў Беларускі дзяржаўны музэй. Фотаздымкі, якія рабіў Т. Гальмаджан былі складзеныя ў вялікі альбом з надпісам на прыгожым тытуле: «Фотографіі экспэдыцыі катэдры этнографіі летам 1928 году пад кіравецтвам В. Ластоўскага па маршруту Слуцак — Осташкавічы адбытай». Надпіс зьмешчаны на фоне ўзорыстага пояса, арнамэнт і фактура перапляценьняў якога дакладна вымаляваныя рукой добрага мастака. Можна меркаваць, што вокладка і фота былі зробленыя фатографам-мастаком Беларускага дзяржаўнага музэю Т. Гальмаджанам, які браў удзел у экспэдыцыі і ў той час рыхтаваў альбом копій беларускіх народных паясоў. 

Арыгінал альбома быў уратаваны ў гады Другой сусьветнай вайны і захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Фотаздымкі з альбома прадстаўленыяў гэтым выданьні. Аб яго зьмесьце гаворка пойдзе далей, тут жа спынімся на гісторыі ўратаваньня альбома.

Пасьля звальненьня В. Ластоўскага з пасады дырэктара музэю, ягонага арышту як «нацдэма» і прыгавору да расстрэлу Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 г. «як агента польскай разведкі і ўдзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі», які быў выкананы, паводле логікі дзеяньня адпаведных органаў не павінна было захавацца аніякіх напамінаў пра ворага савецкай улады. Разам з тым экспэдыцыйны альбом, які зьмяшчаў выявы самога В. Ластоўскага, ацалеў у 1930-я гады і быў вывезены зь Беларусі ў чэрвені 1944 г. як каштоўны этнаграфічны дакумэнт і сьведчаньне пра дзейнасьць выдатнага сына Беларусі.

З арыштам В. Ластоўскага перастаў існаваць Беларускі дзяржаўны музэй. Установа была перайменаваная ў Менскі сацыяльна-гістарычны музэй і выселеная з свайго будынку[58]. У новым памяшканьні была пабудаваная новая экспазыцыя, якая адпавядала патрабаваньням марксісцкага разуменьня гістарычнай зьмены сацыяльна-эканамічных фармацый і распавядала пра дасягненьні сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР. Беларускія абразы і іншыя каштоўныя экспанаты, якія не стасаваліся з гэтай схемай, аказаліся ў дрывотніку, які знаходзіўся паблізу музэю[59]. Альбом, па ўспамінах Антона Шукелойця[60], які быў дырэктарам музэю ў 1941–1944 гадах, падчас вайны, перахоўваўся і ацалеў, дзякуючы музэйнаму мастаку і рэстаўратару ГаўрылуВіеру[61]. З В. Ластоўскім яго зьвязвалі «вельмі блізкія» сяброўскія адносіны. Мастак быў абавязаны былому дырэктару Беларускага дзяржаўнага музэю набыцьцём прафэсіі рэстаўратара, бо той накіраваў яго, як супрацоўніка музэю, вучыцца ў Маскву[62]. Г. Віер быў адзінымспэцыялістам па рэстаўрацыі і ўтрымаўся ў музэі да пачатку вайны. Калі ўсё кіраўніцтва музэю з пачаткам вайны ў 1941 г. зьехала зь Мінску і ўстанова была апячатаная немцамі, ён выехаў на вёску да сваякоў. Вярнуўшыся недзе празь месяц у музэй, які на той час ужо «рабаваў, хто хацеў», Г. Віер склікаў моладзь — студэнтаў, школьнікаў, і яны пачалі наводзіць там парадак[63]. У жніўні 1941 г. кіраўніком музэю быў прызначаны А. Шукелойць. Усе каштоўныя экспанаты былі перанесеныя з дрывотніка ў памяшканьне музэю і складзеныя ў сутарэньні будынку. Гэта ўратавала іх, бо ў хуткім часе ў драўляную пабудову, дзе перахоўваліся падчас рэпрэсій 1930-х гадоў неадпаведныя савецкай уладзе музэйныя экспанаты, магчыма і альбом экспэдыцыі В. Ластоўскага, трапіла савецкая бомба.

Каштоўны экспэдыцыйны альбом прыцягваў увагу сваімі матэрыяламі. Але ня ўсе фотаздымкі ў ім у свой час былі падпісаныя. Некаторыя подпісы выкананыя алоўкам, а не атрамантам. Натурныя фота, пачынаючы з 114-га і да 141-га нумара ўвогуле ня мелі подпісаў. Адсутнічалі подпісы пад фотаздымкамі бажніц, адзеньня і ручнікоў, некаторых этнаграфічных прадметаў, якія рабіліся пасьля таго, як яны былі прывезеныя ў музэй з экспэдыцыі, а таксама пад некаторымі фота, выкананымі непасрэдна ў экспэдыцыі. 

 А. Шукелойць на падставе захаваных экспанатаў і інвэнтарных кніг зьдзейсьніў спробу ўзнавіць дакумэнтацыю. Подпісы пад сямю драўлянымі разьбянымі — «пісанымі» — бажніцамі і адным коўшыкам зрабіў Зьміцер Сямёнаў[64] — малады працаўнік музэю, які дапамагаў Г. Віеру і А. Шукелойцю. Аб гэтым сьведчыць подпіс алоўкам каля фота бажніцы: «Гэтыя подпісы рабіў Дзіма Сямёнаў». Почырк подпісаў пад бажніцамі вылучаецца школьнай стараннасьцю. Але тры фота засталіся не падпісаныя. Не былі падпісаныя таксама фотаздымкі адзеньня і ручнікоў, якія экспэдыцыя прывезла ў музэй.

У канцы 1943 ці напачатку 1944 г. з альбома былі вынятыя два фота і на іх месцы А. Шукелойць пакінуў запісы алоўкам, што іх узяў Антон Цьвячкоўскі[65] ў якасьці ілюстрацый да артыкула аб Слуцкім паўстаньні. Фотаздымкі былі надрукаваныя ў № 2 часопіса «Беларус на варце» за 1944 г. у якасьці ілюстрацый да артыкула за аўтарствам Юрыя Громіча «Памяці змагароў за Бацькаўшчыну», прысьвечанага 23-м угодкам Слуцкага паўстаньня[66]. Часопіс выдаваўся ў Менску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных уладаў, і ў склад яго рэдакцыі ўваходзіў А. Цьвячкоўскі. Фотаздымкамі ён распарадзіўся паводле свайго ўяўленьняаб іх дакумэнтальнай каштоўнасьці. Фота, якое ў альбоме пад нумарам 88 мае подпіс «Маладзіца з ваколіц м. Даманавіч у сьвяточным уборы» і ўяўляе сабой партрэтную выяву маладой жанчыны ў сьвяточным строі з фота за нумарам 88/89, у часопісе падпісанае «Дачка аднаго з удзельнікаў паўстаньня»[67], а фотаздымак з нумарам 75 «Крыжы на могілках, павязаныя набожнікам у вёсцы Лісец каля м-ка Азарычы» атрымаў подпіс «Могілкі слуцкіх паўстанцаў, упрыгожаныя рукамі вернікаў»[68]. Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя экспэдыцыяй В. Ластоўскага на тэрыторыі сучаснага Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці, якая не ўваходзіла ў абшар Слуцкага паўстаньня 1920 г.

Вымалася з альбома і групавое фота камсамольцаў мястэчка Даманавічы, аб чым сьведчыць пашкоджаньне паперы аркуша і часткі надпісу, які быў адноўлены алоўкам почыркам А. Шукелойця ўжо ў ваенны час. Аб прычынах можна толькі меркаваць — цалкам верагодна, што хтосьці з маладых людзей у 1930-я гады таксама быў рэпрэсаваны.

Усё названае сьведчыць, што ў гады вайны альбом быў запатрабаваны, і на ім адбіліся сьляды ўвагі да каштоўных матэрыялаў экспэдыцыі В. Ластоўскага 1928 г. Аўтографы складальніка альбома, які падпісваў фота ў Беларускім дзяржаўным музэі, запісы А. Шукелойця і З. Сямёнава, пакінутыя ў ваенны час, зрабілі гэты дакумэнт палімпсэстам — сьведчаньнем гісторыі беларускай этнаграфіі і музэйнай справы.

Музэйны асобнік альбома, які цяпер захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане, не быў адзінкавы. У 1931 г. пра тое, што В. Ластоўскі «зрабіў» з экспэдыцыйных фотаздымкаў «дарагія аграмадныя альбомы» згадвалі аўтары «антынацдэмаўскага» артыкула Л. Бабровіч і Ів. Шпілеўскі[69].

Пра існаваньне некалькіх варыянтаў экспэдыцыйнага альбома паведаміў таксама А. Шукелойць у 1995 г. у размове зь Юрыем Хадыкам. Варта прывесьці ягоны аповед цалкам. «Калі аднойчы ў музеі я хацеў папоўніць той альбом подпісамі пад асобнымі фатаграфіямі на аснове захаваных экспанатаў і інвентарных кніг, то адзін з маладых працаўнікоў музея, Дзіма Сямёнаў, паведаміў мне, што ў Мінску ёсць яшчэ адзін такі альбом. Гаспадар альбома пажадаў застацца невядомым, але з тым асобнікам я азнаёміўся. Ён быў непараўнальна больш камплектны ад таго, што ў музеі-бібліятэцы ў Лондане. І ён мусіць быць недзе ў вас, у Мінску. [… ] Вось што яшчэ тычыцца альбома экспэдыцыі Ластоўскага. Ёсць такое “антынацдэмаўскае” выданне, дзе апісваецца, што альбомаў было чатыры. Адзін цяпер ў Лондане, адзін я бачыў у Мінску, але павінны быць яшчэ два»[70].

Пры паступленьні альбома ў Беларускую бібліятэку ў 1949 г. у ім налічвалася 270 фота. У вопісе быў засьведчаны недахоп фота за нумарамі 75 і 84, якія былі пазычаныя А. Цьвячкоўскаму, першапачатковая адсутнасьць фота за нумарамі 89, 95, 178, 183, 194, 211, наяўнасьць двух фота пад адным нумарам 107. Першая старонка і старонка з фотаздымкамі пад нумарамі 101–104 былі выдраныя — гэта тытульная старонка альбома з прозьвішчам В. Ластоўскага і фота з выявамі ўдзельнікаў экспэдыцыі. Зразумела, што яны былі наўмысна выдаленыя з альбома ў 1930-я гады. Гэта мог зробіць Г. Віер, які перажыў часы рэпрэсій у музэі, але, па словах А. Шукелойця, «баяўся, што і яго прыцягнуць да адказнасці»[71]. Разам з тым, «кампраметуючыя» старонкі альбома ён недзе схаваў, і ў час вайны яны былі вернутыя на сваё месца. 

У 1989 г. альбом экспэдыцыі В. Ластоўскага ў выглядзе копіі вярнуўся ў Беларусь. Стужку мікрафільма альбома прывёз зь Лёндану прафэсар Адам Мальдзіс[72], і яна была перададзеная на захаваньне ў аддзел рукапісаў і рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі. Алічбаваная копія дакумэнта выкарыстаная аўтаркай для падрыхтоўкі публікацый «Архіў забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 года па маршруце Слуцк ― Асташкавічы»[73] і «“Пісанае” дрэва — карцы. Гісторыя калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: паходжанне, функцыя, семантыка мастацкай формы і арнаменту»[74]. Аднак матэрыялы лёнданскага фотаальбома застаюцца малавядомыя беларускім дасьледнікам і па сёньня не выкарыстаныя належным чынам.

Унікальнасьць экспэдыцыйных матэрыялаў

Ацэньваючы вартасьць матэрыялаў, якія візуальна адлюстраваныя ў альбоме, можна сьцьвярджаць, што яны ўнікальныя. Большасьць здымкаў мае тагачасныя падрабязныя анатацыі з каштоўнай інфармацыяй па гісторыі беларускага мастацтва: сакральнай і народнай архітэктуры, царкоўных старажытнасьцей, этнаграфіі беларусаў, народнаму касьцюму і тканінам, разьбе па дрэве. У подпісах пазначаныя назва прадмету з кароткім апісаньнем, ад каго і за якую суму ён быў набыты, прыблізныя зьвесткі аб тым, калі ён быў зроблены, месца і дакладная дата набыцьця і інвэнтарны музэйны нумар Беларускага дзяржаўнага музэю. 

Маршрут экспэдыцыі пралягаў праз Слуцак, вёскі і мястэчкі Бабруйскай і Мазырскай акруг. Згодна з сучасным адміністрацыйным падзелам гэта Слуцкі (Паўстынь) і Любанскі (Урэчча, Таль, Любань, Шыпілавічы) раёны Мінскай вобласьці, Бабруйскі раён Магілёўскай вобласьці (Орсічы), Акцябарскі (Ляскавічы, Бубнаўка, Забалацьце, Ламавічы, Ляскі, Граб’е), Калінкавіцкі (Азарычы, Лісец, Сышчыцы, Даманавічы, Анісавічы, Лампекі, Давыдавічы, Казловічы, Халаднікі) і Сьветлагорскі (Асташкавічы) раёны Гомельскай вобласьці. 

Нават пералік дасьледаваных экспэдыцыяй В. Ластоўскага населеных пунктаў сьведчыць аб унікальнасьці фотадакумэнтацыі. У гэтых раёнах да 1928 г. не пралягалі шляхі аніводнага беларускага этнографа. Гэтыя мясьціны абмінулі Ісак Сербаў, фотаспадчына якога захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Віленскай бібліятэкі, Аляксандар Сержпутоўскі і Вячаслаў Костка, фотаархівы якіх зьберагаюцца ў Расійскім этнаграфічным музэі ў Санкт-Пецярбурзе. Экспэдыцыя В. Ластоўскага была першай этнаграфічнай выправай у гэтыя цікавыя па адметнасьці традыцыйнай культуры раёны Беларусі. Для дасьледнікаў беларускай этнаграфіі, сакральнага і народнага мастацтва, фотаздымкі 1928 г. зьяўляюцца адзінымі візуальнымі дакумэнтамі таго часу зьпералічаных раёнаў. У 1930-я гг. у БССР былі зачыненыя і разбураныя цэрквы, у выніку калектывізацыі карэнным чынам зьмяніўся сялянскі лад жыцьця. Моцна пацярпелі гэтыя раёны ў гады Другой сусьветнай вайны. Экспэдыцыйныя дасьледаваньні тут узнавіліся толькі ў пачатку 1970-х гг. 

Старажытнасьці Слуцку

Экспэдыцыя В. Ластоўскага пачалася з дасьледаваньня Слуцку — старажытнага гораду з багатай сакральнай архітэктурай. У той час ужо поўным ходам у СССР ішла антырэлігійная барацьба, на карысьць дзяржавы канфіскоўваліся царкоўныя каштоўнасьці, зачыняліся і разбураліся храмы. Разам з тым, згодна з пастановай 1926 г. найбольш старажытныя помнікі царкоўнай архітэктуры браліся пад ахову дзяржавы. На фотаздымках адлюстраваны выгляд драўляных слуцкіх храмаў: царквы сьвятога Арханёла Міхаіла ў прадмесьці Востраў (другая палова XVIII ст.), могілкавай царквы сьвятой Барбары (1794–1799 гг.), царквы Нараджэньня Хрыстовага (1762 г.), і зачыненай у 1927 г. Уваскрасенскай царквы (1785–1787 гг.). З названых помнікаў да нашага часу захавалася толькі царква сьвятога Міхаіла на Востраве. Царква сьвятой Барбары была дзейная да 1953 г., калі яна згарэла. Найстарэйшы слуцкі драўляны храм — царква Нараджэньня Хрыстовага, дзе ў 1930 г. быў адкрыты Музэй народнай творчасьці, згарэў у 1941 г. Быў дасьледаваны таксама касьцёл Сьвятога Антонія, дзе захоўваліся некаторыя літургічныя рэчы з былога слуцкага фарнага касьцёлу.

Удзельнікі экспэдыцыі фатаграфавалі ў храмах абразы, алтары, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — напрастольныя крыжы, паціры, дараносіцы, воты, а таксама дэталі храмавай архітэктуры і інтэр’еру: росьпісы, каваныя крыжы, дзьверы, аздобленыя акоўкай. У царкве Нараджэньня Хрыстовага ў алтарнай частцы захаваўся росьпіс алейнай фарбай XVIII ст.: выява Укрыжаваньня Хрыста зь Божаю Маці, Янам Багасловам і Лонгінам Сотнікам, расьлінны арнамэнт у барочнай стылістыцы (фота 19). Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што сярод кветак выразна прачытваюцца выявы васількоў. Царква была ўзьведзеная і расьпісаная ў 1762 г., калі ў Слуцку вельмі пасьпяхова працавала Радзівілаўская шоўкаткацкая мануфактура паясоў — пэрсыярня, у арнамэнтыцы якіх, створанай славутым Янам Маджарскім, сустракаецца блакітная кветка — ці то турэцкі карунфіл, ці беларускі васілёк. На фота ў альбоме можна добра разгледзець кветку, што выклікае простыя асацыяцыі зь несьмяротнымі радкамі Максіма Багдановіча — «Цвяток радзімы — васілька…», які ўбачыў яго ў кветкавым зіхаценьні шоўку слуцкіх паясоў. Уяўляецца, што мастак, які зьмясьціў васількі ў росьпісе, натхняўся слуцкімі паясамі. Адлюстраваная на фота ў альбоме таксама надбрамная частка царкоўнага іканастасу, разьба якой была таксама выкананая ў барочным стылі (фота 21). Гэтыя візуальныя дакумэнты — адзіныя выявы ўнікальных помнікаў мастацтва ў Слуцку. Яны пашыраюць уяўленьні аб высокім узроўні мастацкай культуры радзівілаўскага Слуцку XVIII ст., дзе працавалі мастакі і майстры высокага ўзроўню.

У царкве сьвятой Барбары экспэдыцыя зафатаграфавала зьнятыя з іканастаса бакавыя дзьверы з выявамі арханёлаў Міхаіла і Гаўрыіла, якія выразна сьведчаць аб мясцовай іканапіснай традыцыі (фота 13). Таксама былі зробленыя фота дзьвюх ікон мясцовага чыну іканастаса. Унікальнай можна ўважаць ікону зь сьвятымі пад Покрывам Божай Маці, якія размешчаны паабапал выявы замкавай царквы, што ў літаратуры называецца «саборная Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы замкавая царква» (фота 11). Ікона знаходзілася справа ад царскіх варотаў. Драўляная царква была ўзьведзеная ў 1673 г., у пачатку XVIIІ адноўленая пасьля пажару, але зноў згарэла ў 1745 г.[75]. Выява замкавай царквы разам з гравіраваным Укрыжаваньнем Хрыста з Багародзіцай і Янам Багасловам выяўленыя таксама на мядзянай і пасрэбранай воце, якую экспэдыцыя зафіксавала ў Уваскрасенскай царкве (фота 27). Як можна пабачыць на фотаздымку, у іканастасе царквы сьвятой Барбары ўнізе разьлева стаяла ікона XVII ст. зь сюжэтам «Кіт выкідае Ёну на бераг», намаляваная на дошцы ў даволі прымітыўнай народнай манэры (фота 12)

У зачыненай у 1927 г. Уваскрасенскай царкве быў зроблены адзіны ў сваім родзе здымак, на якім можна бачыць вялізную, больш за мэтар у вышыню брацкую сьвячу зь пяці пудоў воску, умацаваную на разьбяным барочным падсьвечніку. Перад ёй стаіць у малітоўнай позе чалавек зьсьвечкай у руках, на сьценах вісяць абразы і траецкая зеляніна — кляновыя галінкі з трохі пажухлай лістотай (фота 28). Выява паказвае, што ў той час храм быў дзейны. Экспэдыцыя наведала царкву пасьля Тройцы, якая прыпала на 3 чэрвеня 1928 г. Здымак адлюстроўвае традыцыю слуцкіх рамесных цэхаў, якія ў дзень свайго нябёснага ахоўніка штогод ахвяроўвалі ў царкву вялікую брацкую сьвячу. Цікавае сьведчаньне пра рамесныя цэхі ў Слуцку пакінуў пісьменьнік Юрка Гаўрук[76] у 1930 г., калі наведаў музэй народнай творчасьці, адчынены ў царкве Нараджэньня Хрыстовага: «У старадаўняй (раней уніяцкай) Раждзесцвенскай царкве ён (Ізі Харык[77] — В. Л.) звярнуў увагу на цэхавыя сцягі. Царква была драўляная, круглая, тыпу “сонца”, з унутранай галерэяй на слупах. Да кожнага слупа быў прымацаваны скручаны на дрэўках вялізны сцяг. Некаторыя з іх мы разгарнулі. На сцягах былі намаляваны розныя прылады працы: малаткі, нажы, абцугі і тут жа напісаны буйнымі літарамі назвы майстэрань, цэхаў»[78]. На альбомных фотаздымках можна бачыць, напрыклад, мастацкія вырабы слуцкіх кавалёў: стары жалезны крыж, прымацаваны да дзьвярэй у рызьніцу Ўваскрасенскай царквы (фота 30) і адмысловую акоўку ўваходных дзьвярэй царквы Нараджэньня Хрыстовага, у подпісе да якой дасьледнікамі было адзначана, што падобная акоўка «паложана на дзьверы немаль усіх старых драўляных слуцкіх цэрковак» (фота 24).

Да найкаштоўных твораў слуцкага мастацтва безумоўна належыць памятная дошка з слуцкага фарнага касьцёла ў барочным драўляным разьбяным абрамленьні з надпісам на лаціне: «Гэты касьцёл, адзін са старажытнейшых на Літве, узьведзены ў 1419 годзе, на памятку пра чацьвертае скончанае сваё стагодзьдзе, срэбрам, росьпісам, мэбляй і разнастайнымі ўпрыгожаньнямі аздоблены яго пробашчам графам Станіславам Шантырам, пачэсным пралатам, у 1819 годзе»[79] (фота 32). Калі ў 1815 г. Станіслаў Шантыр атрымаў парафію ў Слуцку, ён заняўся рамонтам свайго парафіяльнага касьцёла і аднавіў былы касьцёл езуітаў[80]. З гэтай нагоды ім была пастаўленая ў касьцёле памятная дошка, якую можна бачыць на фота 1928 г.

Фарны драўляны касьцёл у Слуцку быў пабудаваны ў 1419 г., прастаяў да 1852 г. і з-за трухлявасьці быў разабраны. Набажэнствы адбываліся ў касьцёле сьвятога Антонія, куды з фары былі перанесеныя сьвятыні, у тым ліку і памятная дошка, культавыя рэчы і мэбля. Памятная дошка з укладным надпісам была набытая для Беларускага дзяржаўнага музэю і ўпісаная ў кнігу паступленьняў музэю пад нумарам «7186-65»[81]

У альбоме ёсьць здымкі некалькіх культавых прадметаў высокага ювэлірнага мастацтва, да якіх адсутнічаюць подпісы: даразахавальніца, келіх-пацір для прычасьця (фота 33, 34). Можна меркаваць, што гэтыя прадметы былі ўзятыя з касьцёлу сьвятога Антонія. Адтуль жа можа паходзіць куфар з арабэскавым росьпісам, фасад якога аздоблены філёнчатай аркатурай і калёнкамі (фота 38). Верагодна менавіта гэтай знаходкі тычыцца паведамленьне ў «Хроніцы беларускай культуры» у часопісе «Полымя»: «Беларускі Дзяржаўны Музэй набыў у аднэй Слуцкай царкве два старэнькіх куфры, знадворку размаляваныя ўзорамі, якія ўжываліся пры ткацтве слуцкіх паясоў. Гэта сьведчыць аб тым, што ў Беларусі ўжо з даўніх часоў існавала свая ўласная мастацкая орнамэнтура»[82]. Аўтар гэтага меркаваньня, безумоўна, В. Ластоўскі, які зьбіраў матэрыялы па беларускім арнамэнце і быў знаўцам мастацтва слуцкіх паясоў. 

Яшчэ аб адной рэдкай мастацкай рэчы, набытай у Слуцку, паведамлялася ў часопісе. У альбоме яна не адлюстраваная, але варта прывесьці тагачасную інфармацыю аб знаходцы: «Дырэктар БДМ т. Ластоўскі набыў у Слуцку вельмі каштоўную гістарычную рэч — парцэлянавую парфумэрніцу, зробленую ў Сэўры (Францыя) па заказу жонкі Наполеона Жозефіны. Трэба меркаваць, што парфумэрніца завезена ў Слуцак у часе паходу Наполеону ў 1812 г.»[83]. Акрамя часопіса «Полымя» сэнсацыйную інфармацыю пад загалоўкам «Рэдкі экспанат» разьмясьціла газэта “Савецкая Беларусь”[84]. Паведамленьні выдатна перадаюць дух адкрыцьця, што спадарожнічаў ўдзельнікам экспэдыцыі 1928 г., якія дасьледавалі старасьвецкія помнікі і рарытэты Слуцку, і пакінулі нам пакуль яшчэ належным чынам не ацэненуюдакумэнтацыю. Атрыбуцыя слуцкіх абразоў і дэкаратыўна-прыкладных прадметаў літургічнага прызначэньня, выявы якіх зьмешчаныя ў экспэдыцыйным альбоме, чакаюць сваіх дапытлівых дасьледнікаў. 

Па маршруце экспэдыцыі

Па маршруце экспэдыцыі ўдзельнікі групы дасьледавалі і рабілі фіксацыю сакральнай і народнай архітэктуры, забудовы вясковых вуліц, могілак, праяў гаспадарчай дзейнасьці і набывалі для музэю этнаграфічныя рэчы. 

На Случчыне экспэдыцыя фатаграфуе і дасьледуе драўляныя цэрквы ў мястэчку Уручча і вёсцы Таль, узьведзеныя ў XVIII ст. у тым жа барочным стылі, што і храмы Слуцку (фота 40, 42). У царкве сьвятога Міколы Цудатворцы мястэчка Ўручча фіксуюць зьнятыя зь іканастасу правыя бакавыя дзьверы з выявай арханёла Міхаіла, укладны надпіс на адвароце, які сьведчыць, што яны былі спраўленыя ў 1742 г. (фота 41). У вёсцы Ворсічы (Орсічы) каля Бабруйску ў драўлянай цэркаўцы, адлюстраванай у альбоме (фота 59), удзельнікі экспэдыцыі знайшлі звон, надпіс на якім паведамляў, што ён «наданы до церкви» ў 1679 г. У вёсцы Шыпілавічы паблізу Любані, дзе ў 1823 г. у сям’і сьвятара нарадзіўся вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Павел Шпілеўскі[85], экспэдыцыя выявіла старыя абразы XVII–XVIII ст., перанесеныя сюды з колішняйЮравіцкай царквы. Фота гэтай маленькай драўлянай царквы — адзіная вядомая ейная выява (фота 62). Можна меркаваць, што тут служыў бацька П. Шпілеўскага і тут дасьледнік беларускай міталёгіі быў ахрышчаны.

На падставе экспэдыцыйнага фотаздымка зь вёскі Ляскавічы, якая некалі ўваходзіла ў Слуцкі павет (цяпер Акцябарскі раён Гомельскай вобласьці), да драўлянай храмавай архітэктуры Случчыны можна аднесьці царкву сьвятога Міколы Цудатворцы 1795 г. з трыма высокімі барабанамі з прыгожымі барочнымі навершамі і гонтавым дахам (фота 63). У альбоме зьмешчаныя фота двух абразоў характэрнага мясцовага пісьма з гэтай царквы. На адным зь іх адлюстраваны сьвяты Раман Міласьпеўца і ёсьць укладны надпіс з датай 1794 г., указаньнем імя настаяцеля царквы Савы Смоліча і жыхароў сяла Слабады, Якава і Ярмолы «мельников слободских», коштам якіх быў створаны абраз. Другі абраз сьвятога Міколы, у гонар якога быў асьвячаны ляскавіцкі храм, таксама мае ўкладны надпіс і дату 1795 г, калі абраз патрапіў у царкву як ахвяраваньне ад «Вельможного Пана Володка Старосты Крывчанского» (фота 65). У 1928 г. царква была ўжо ня дзейная, і выдатны помнік архітэктуры стаяў безь дзьвярэй і вакон. Безумоўна, удзельнікі экспэдыцыі, сярод якіх былі А. Паноў — знаўца царкоўных старажытнасьцей, заснавальнік Менскага царкоўна-археалягічнага музэю, і В. Ластоўскі, які цікавіўся мастацкімі праявамі беларускага стылю, у тым ліку ў іканапісе, не маглі пакінуць выдатныя творы на зьнішчэньне. Іх паступленьне ў Беларускі дзяржаўны музэй пасьля вяртаньня экспэдыцыі магчыма пацьвердзіць у ходзе вывучэньня ацалелых інвэнтарных кніг таго часу. Зьвялікай доляй верагоднасьці можна казаць, што пасьля вайны яны не вярнуліся ў музэй.

Наведваючы вёскі, экспэдыцыя зьвяртала ўвагу на асаблівасьці вясковай забудовы, выгляд жылых і гаспадарчых пабудоў. На фота бачым, як выглядалі вуліцы ў вёсках Ламавічы і Граб’е, Лісец, Асташкавічы. У аб’ектыў трапілі шасьці- і сямікутныя пуні пад саламянай страхой у вёсцыПаўстынь, што ў 15 км ад Слуцку (фота 51, 52), гумно ў вёсцы Асташкавічы (фота 124) і вятрак у вёсцы Лісец (фота 83). Фотаздымкі могілак з драўлянымі крыжамі адмысловых форм, якіх цяпер ужо немагчыма ўбачыць, зафіксавалі традыцыю вяскоўцаў шанаваць памерлых продкаў завязваньнем на надмагільныя крыжы ручнікоў-набожнікаў. На могілках вёскі Паўстынь не застаўся незаўважаным велічэзны дуб з адзёрам і калодамі для пчол (фота 56). Такі ж дуб з ахоўнай пабудовай супраць драпежных жывёл быў заўважаны па дарозе паміж мястэчкамі Ўрэчча і Любаньню (фота 57)

Прастора вёсак нязьменна прысутнічае на фотаздымках вяскоўцаў, якія сфатаграфаваныя на фоне царквы ці хаты, плота, паркана. Менавіта вясковыя людзі — старыя, маладыя, маладзіцы зьнемаўлятамі на руках і дзеці былі галоўным аб’ектам цікавасьці этнаграфічнай экспэдыцыі. Так па дарозе каля мястэчка Азарычы ўдзельнікі зьвярнулі ўвагу на жанчыну ў хустцы і аздобным фартуху, якая, ідучы працаваць у поле, несла за плячыма калыску зь дзіцем, ахінутую ад сонца палатнінай (фота 80). Т. Гальмаджан у адпаведнасьці з патрабаваньнямі да этнаграфічных фота, здымае людзей у фас, профіль, ззаду ў рост, робіць партрэты найбольш прыгожых мадэлей. Асноўнай мэтай экспэдыцыі было зьбіраньне матэрыялаў па народным касьцюме. Асабліва багата яго ўзораў захавалася ў вёсках сучасных Акцябарскага, Калінкавіцкага і Сьветлагорскага раёнаў: Ламавічы, Граб’е, Сышчыцы, Анісавічы, Даманавічы, Асташкавічы. Жанчыны ў той час яшчэ апраналі на сьвята, у царкву поўныя традыцыйныя строі адзеньня. У іх гарманічна спалучаліся сарочкі з багата аздобленымі арнамэнтам рукавамі, фартухі, безрукаўкі, андаракі, дзявочыя галаўныя павязкі, жаночыя наміткі і хусткі. Шмат выразных фота жанчын у мясцовых маляўнічых строях было зроблена ў вёсцы Даманавічы. Кідаецца ў вочы прыгажосьць жанчын, адбітак якой ляжыць на іх спакойных тварах і годных постацях. На большасьці фотаздымкаў можна заўважыць, што людзі ахвотна і нязмушана пазіруюць, прыязна, з усьмешкай паглядаючы на гарадзкіх гасьцей. У вёсцы Забалацьце Т. Гальмаджан робіць групавое фота, дзе вяскоўцы запоўнілі вуліцу на ўсю шырыню: на першым пляне зьлева побач з шэрагам рознаўзроставых дзяцей бачым самога В. Ластоўскага ў картузе, справа А. Паўлава ў ботах з кійком, а за жанчынамі ў белых хустачках зь цікавасьцю выглядаюць старыя і мужчыны (фота 69)

Фотаздымкі перадаюць выразныя і разнастайныя характары вяскоўцаў. На іх выяўленыястарыя жанчыны з суворымі тварамі, народжаныя яшчэ за прыгонам. Нельга не зьвярнуць увагу на ўсьмешлівую 75-гадовую бабулю ў цёплай хустцы і паліто — вартаўніцу пры царкве і могілках у вёсцы Таль, якая запомнілася членам экспэдыцыі сваёй прыгаворкай “дык вы кажаце…” (фота 45), статную старую ў намітцы з унучкай зь мястэчка Даманавічы (фота 91), жанчын зь вёскі Лампекі ў хустках і сьвітках на падвоеным фота, зробленым у сьвяточны дзень каля царквы ў вёсцы Даманавічы (фота 88). У мястэчку Азарычы ў аб’ектыў фатографа трапіў 90-гадовы інвалід, замест адной нагі ў якога прымацаваная самаробная драўляная мыліца — вэтэран Севастопальскай бітвы, якая адбылася ў 1854–1855 гг. (фота 79).

Фатографу ўдалася зрабіць некалькі па-мастацку выразных жаночых партрэтаў. На інтэр’ерным фота маладзіцы ў сьвяточнай вопратцы з вышываньнем у руках, якой здаецца нябольш за шаснаццаць год, зь вёскі Лампекі ўдала схоплены момант задуменьня і сьвятло, якое падае на мадэль з адчыненых дзьвярэй (фота 74). На партрэтным фота дзяўчыны, выява якой ёсьць таксама ў поўны рост, улоўленая, на яшчэ не цалкам расквітнелым жаноцкай прыгажосьцю твары, сарамлівасьць, уласьцівая юнацкаму ўзросту (фота 98, 99). Прываблівае вока дзяўчына ў прыгожым строі з багата аздобленым аплікацыяй гарсэце на групавым фота жанчын вёскіАнісавічы каля ткацкага станка, якое зробленае на двары (фота 116). Яна намотвае на шпульку ніткі і, нібы саромеючыся фатографа, апусьціла долу вочы. Кампазыцыю фота Т. Гальмаджан будуе так, што фігура дзяўчыны зьмешчаная ў цэнтры. Гэты здымак цікавы і тым, што працэс тканьня адбываецца на двары і ў ім бяруць удзел некалькі жанчын. На першы погляд здаецца, што фота пастановачнае, кросны вынесеныя на двор для зручнасьці фатографа, які ня меў адпаведных асьвятляльных прылад для фатаграфаваньня ўнутры хаты. Разглядаючы фота, прыгадалася, што ў 2003 г. у вёсцы Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёну, што ў 40 км ад вёскі Даманавічы, зь якой зьлілася былая вёска Анісавічы, мной быў запісаны аповед пра абыдзённы абрад, які выконвалі падчас засухі, калі трэба было ратаваць ураджай. Тады жанчыны зьбіраліся разам і ткалі за адну ноч ці адзін дзень палатно — абыдзёньнік. Распавядалі пра архаічны рытуал так: «На варотах ткалі… Трэба на вуліцы выткаць, так і ткалі»[86]. На небудзённасьць засьведчанага дзеяньня паказвае прысутнасьць на вуліцы абраза з набожнікам, які бачны з правага боку фота.

Сучаснага чалавека ня могуць не ўразіць групавыя экспэдыцыйныя фотаздымкі зь вёсак, якія тады адносіліся да Мазырскай акругі. На іх адлюстраваная шматпакаленнасьць вясковай грамады. У мястэчку Даманавічы каля царквы сьвятога Міхаіла пасьля службы ўдзельнікіэкспэдыцыі размаўлялі з прыхаджанамі, сярод якіх былі і вяскоўцы зь вёсак Анісавічы, Лампекі, Давыдавічы, і фатаграфавалі іх у сьвяточных уборах. Нядзельная раніца выдалася тады ня вельмі цёплай, і старыя жанчыны з суседніх вёсак былі апранутыя ў сьвіткі, іншыя, дэманструючы прыгожае сьвяточнае ўбраньне, трымалі ў руках хусткі-ахінанкі (фота 86, 87). На іншым здымку каля царкоўнай агароджы фатографу пазіруюць некалькі жанчын, сярод якіх вылучаецца высокая статная бабуля ў намітцы і хустцы пад бараду, завязанай на патыліцы (фота 89). Іншыя сталыя жанчыны маюць на галовах хусткі, завязаныя на мясцовы лад ззаду, што адкрывае іх прыгожыя твары. Малая дзяўчынка ў паркалёвай сукенцы з набіўным малюнкам, якую прытрымлівае бабуля, трымае ў руках нейкі пакунак з малюнкам. Разгледзець яго на фота немагчыма, але ўяўляецца, што ейная забаўка — пакунак ад папярос, які яна атрымала ў падарунак ад фатографа. На другім фота на фоне хаты выразна пазіруюць тры маладзіцы ў багата аздобленых строях і малады хлопец у вышыванай кашулі, палатняных нагавіцах з шырокім чырвоным поясам зь вёскіАнісавічы (фота 115).

Фота перадаюць прыгожы сьвяточны бок вясковага жыцьця і людзей, якія ўмелі стварыць вакол сябе прыгожы сьвет і радавацца жыцьцю. Экспэдыцыя яшчэ засьпела перадкалгасную вёску. У ёй на той час ужо дзейнічала камсамольская ячэйка (фота 114). Літаральна праз год, у 1929 г. у БССР пачалася прымусовая калектывізацыя, і гэты сьвет быў незваротна разбураны. У 1939 г. у вёсцы Даманавічы зруйнавалі царкву сьвятога Арханёла Міхаіла.

Адной з мэтаў экспэдыцыі 1928 г. было вывучэньне народнага касьцюма. Маршрут быў складзены такім чынам, што ахопліваў тэрыторыю, дзе сапраўды ў той час яшчэ бытаваў вельмі багаты па складзе і характары аздабленьня жаночы строй адзеньня. Фотаздымкі зь вёскіДаманавічы выразна паказваюць, што агульнасьць традыцыі ў народным адзеньні, яго пэўны мясцовы мастацкі канон ахоплівалі тэрыторыю царкоўнага прыходу. Для жанчын, якія больш працяглы час насілі ў вёсках і мястэчках традыцыйныя строі, прыходзкая царква ў сьвяточныя і нядзельныя дні станавілася месцам дэфіле ўзораў мясцовага адзеньня, дэманстраваньняарнамэнтаў вышыўкі, запазычаньня элемэнтаў гарадзкой моды.

Экспэдыцыйныя фотаздымкі зь вёсак Ламавічы, Граб’е, Сышчыцы, Даманавічы, Лампекі, Анісавічы, Давыдавічы, Асташкавічы пераканаўча даводзяць, што тут існаваў адзіны ў сваіх агульных рысах строй жаночага касьцюма. У 1980-я гады ў вёсках Калінкавіцкага і Сьветлагорскага раёнаў Гомельскай вобласьці праводзіў дасьледаваньне народнага касьцюма беларускі мастацтвазнавец Міхась Раманюк, які таксама наведаў вёскі Давыдавічы і Асташкавічы, дзе ў 1928 г. пабывалі ўдзельнікі экспэдыцыі В. Ластоўскага. Ён вызначыў на гэтай тэрыторыі існаваньне адметнага комплексу адзеньня, якому даў назву «калінкавіцкі строй». Дасьледнік пісаў: «Калінкавіцкі строй — адна з вяршынь мастацтва беларускага народнага касцюма. Ён урачыста-маляўнічы і ў той жа час стрыманы, зачароўвае мяккай паэтычнасцю і вытанчанасцю густу» [87].

Адметнасьцю жаночага варыянта строю зьяўляюцца сарочкі паліковага крою з пышнымі рукавамі з багатым геамэтрычным арнамэнтам, зборчатыя каўняры «брыжы», кабаты з гарлавінай пад шыю з баскай на таліі, аздобленыя арнамэнтам, выкладзеным з тасьмы-ўюнчык, нашытымі мэталёвымі гузікамі і бляшкамі. У склад жаночага касьцюма ўваходзіў галаўны ўбор ручніковага тыпу — «намётка», дзявочага ўбраньня — «кіндачка», «завязка». Існаваў звычай падвязваць паверх наміткі цямнейшую хустку з махрамі, якая падхоплівала падбародзьдзе і завязвалася на патыліцы, што з этнаграфічнай дакладнасьцю зафіксавана на адным са здымкаў экспэдыцыі. Фота каштоўныя тым, што адлюстроўваюць спосабы апрананьня частак строю, манэру нашэньня касьцюма і годнасьць жанчын, якія адчуваюць сябе прыгожымі. Выдатныя здымкі маладзіцы ў намітцы і падаткнутым падолам андарака, з-пад якога бачны аздоблены тканым арнамэнтам прыпол сарочкі, зробленыя ў тры чвэрці і фас (фота 92, 93), каб паказаць спосаб нашэньня паяснога адзеньня і прадэманстраваць плястыку гарманічнага і дапасаванага ва ўсіх частках касьцюма, створанага пакаленьнямі таленавітых вясковых жанчын, якія мелі высокі мастацкі густ.

В. Ластоўскі ў подпісах да фотаздымкаў зафіксаваў мясцовую назву зборчатага каўняра — «крыза». У альбоме ёсьць фота зусім маленькай босай дзяўчынкі ў доўгай кашульцы з аздобнымі палікамі і крызой зь вёскі Граб’е (фота 72). Другое фота маленькай дзяўчынкі зь вёскіАсташкавічы таксама дэманструе крызу, а подпіс падае ейную назву (фота 128). Гэтыя рэдкія візуальныя дакумэнты сьведчаць, што дзіцячы строй у беларусаў адпавядаў выгляду касьцюма дзяўчат і жанчын. Назва «крыза» паходзіць ад францускай назвы каўняра «фрэза» і адлюстроўвае сувязі мастацкай культуры беларускай вёскі з эўрапейскай культурнай прасторай[88].

Удачай экспэдыцыі стала фіксацыя старадаўняга мужчынскага сьвяточнага касьцюма, які складаўся з арнамэнтаванай кашулі, палатняных нагавіц, узорчатага пояса, магеркі, ботаў з адкасанымі халявамі. Бясцэннымі зьяўляюцца фота старых у такіх строях зь вёскі Асташккавічы(фота 129, 131). На адным зь іх — дзед Мікіта, а на другім, не падпісаным, бачым старога зьсівой барадой і валасамі, стрыжанымі «пад гаршчок», у прасторнай кашулі да кален, багата аздобленай шчыльным чырвоным натыканьнем і арнамэнтаванымі расшыўкамі па прыполе, вышыўкай пазухі і стыкаў станіны і рукавоў. Уся ягоная пастава і позірк, якім ён глядзіць у аб’ектыў фотакамэры, сьведчаць аб вольнай і нязломнай у жыцьцёвых прыгодах натуры. На фота набытых для музэю мужчынскіх кашуль бачны іхні тунікападобны крой, які ўважаецца найбольш старажытным у беларускім адзеньні. Такія кашулі старыя захоўвалі на сьмерць. Менавіта пра гэтую знаходку ў тагачаснай беларускай прэсе разышлася інфармацыя пра старажытны праславянскі крой. 

Мясцовыя асаблівасьці традыцый народнага касьцюма відавочныя пры параўнаньні натурных фотаздымкаў на тэрыторыі бытаваньня калінкавіцкага строю з тымі, што былі зробленыя экспэдыцыяй у вёсках Паўстынь і Таль пад Слуцкам (фота 46, 54). Слуцкі жаночы строй, згодна з сучасным вызначэньнем, адрозьніваўся ад калінкавіцкага стрыманым характарам аздабленьня, кроем доўгага кабата, спосабам завязваньня хусты на галаве ў выглядзе аб’ёмнага цюрбана. 

Багатыя вынікі экспэдыцыі 1928 г. былі выкарыстаныя савецкай уладай супраць В. Ластоўскага. Крытыкі «нацдэмаўскіх» падыходаў да вывучэньня народнага касьцюма паставілі ў віну дасьледніку, што ён «вывучаў толькі кулакоў». «Брыгада катэдры марксізму-ленінізму» — філёзафы і этнографы ад ідэалёгіі, якія ў Акадэміі навук занялі месца рэпрэсаваных вучоных, ацаніла вынікі экспэдыцыі наступным чынам: «Нацдэмы добра ведалі, дзе і як трэба было для сваіх мэт паказаць лапці. У адным выпадку яны лапці паказвалі, а ў другім зусім адкідалі, як гэта, напрыклад, было зроблена Ластоўскім у часе этнаграфічнай экспедыцыі, дзе ён “вывучаў” так званае “чыстае” народнае мастацтва. У гэтай экспедыцыі фатограф, ён-жа і мастак Гальмажыян пад кіраўніцтвам Ластоўскага зрабіў сотні фотографій, з якіх потым быў зроблены альбом. І тут вы ня ўбачыце ніводнага селяніна ці сялянку ў лапцях: усе ў ботах. А гэта здарылася таму, што Ластоўскі вывучаў толькі кулакоў»[89]. Выбар маршруту тлумачыўся крытыкамі тым, што ўнайбольш адсталых кутках Савецкай Беларусі яны «шукалі таго старога, што другімі ваколіцамі ўжо забыта», што «нацдэмаўскіх этнографаў падчас экспедыцыі цягнулі ў кулацкія хутары не патрабаванні навукі, а патрабаванне класавай устаноўкі, саюзнічаскія адносіны ў палітычнай барацьбе»[90].

Экспэдыцыйныя матэрыялы зусім не стасаваліся з клясавым падыходам марксізму-ленінізму, згодна з устаноўкамі якога выходзіла, што вясковец у ботах ці боціках замест лапцей, у аздобным сьвяточным строі ня можа, адпаведна свайму кулацкаму паходжаньню, быць спадарожнікам савецкай улады, будаўнікамі якой камуністычная партыя абвясьціла пралетарыят і вясковую беднату. 

Вынікі экспэдыцыі В. Ластоўскі апісаў у артыкуле «Экспэдыцыя для вывучэньня беларускай народнай вопраткі і народнага мастацтва», якія надрукаваў у ІІ томе «Прац катэдры этнографіі». Артыкул пэўне зьмяшчаў шмат цікавых і каштоўных назіраньняў, канкрэтных зьвестак аб характары бытаваньня народнага касьцюма, спосабах яго аздабленьня, мясцовых назвах асобных частак і дэталяў. Не маючы магчымасьці прачытаць артыкул, тым не менш, можна атрымаць некаторае ўяўленьне аб яго зьмесьце. Гэта дазваляе зрабіць «антынацдэмаўская» крытыка этнаграфічных і музэйных падыходаў у дзейнасьці В. Ластоўскага, якая ўзьнялася пасьля ягонага арышту ў 1930 г. З мазаікі абвінавачаньняў на адрас вучонага, высунутых аўтарамі «антынадэмаўскіх» публікацый у беларускім і саюзным друку, і прыведзеных у іх цытат з арыгінальнага тэкста ў перакладзе на рускую мову, можна рэканструяваць некаторыя абагуленьні В. Ластоўскага, зробленыя па выніках экспэдыцыйнага дасьледаваньня народнага касьцюма. 

У артыкуле «Экспэдыцыя для вывучэньня беларускай народнай вопраткі і народнага мастацтва» В. Ластоўскі, разумеючы, што перад любой дасьледчай працай неабходны этап збору матэрыялу, пісаў: «Пры цяперашнім стане вывучэньня беларускага народнага мастацтва прыходзіцца думаць пакуль што ня столькі аб навуковай клясыфікацыі беларускага народнага арнамэнту, як аб простым зьбіраньні і фіксаваньні ў друку сабранага»[91]. А. Супінскі ахарактарызаваў гэты артыкул як «публікацыю па-сутнасьці помнікаў, у адносінах якіх Ластоўскі часам дапускае ўласныя заўвагі»[92]. Паходжаньне тэрмінаў «сарочка», «рубашка», «кашуля» ён зьвязваў з рознымі тыпамі мужчынскага і жаночага плечавога адзеньня. Сарочку ўважаўнайбольш старажытным і найбольш самабытным тыпам беларускага адзеньня. «Сярод бялізны, якую старыя зьберагаюць на сьмерць, ніводнага разу не было рубахі; былі — гэта ў васьмі выпадках на дзесяць — кашулі ў мужчын і выключна сарочкі ў жанчын (с. 284)». «У ідэальна сшытай сарочцы павінна быць сорак зборак на шыі, па сорак на паліках і сорак зборак па баках ад пазухі (с. 281)»[93]. Адной з задач экспэдыцыі ставілася вывучэньне тэрыторыі распаўсюджаньня расхіснога паяснога адзеньня — панёвы. Знойдзеная яна не была, а толькі запісаная інфармацыя, што «старыя прыпамінаюць, што за іх памяцьцю насілі ў іншых сёлах суконныя плахты (с. 304)»[94]. Наконт палатнянай устаўкі ў андарак — «пелены» ці «прыполку», якая зьверху пакрывалася фартухом, В. Ластоўскі ўважаў, што яна мае практычнае прызначэньне, выкарыстоўваецца для нашэньня дробных рэчаў: грыбоў, ягад, садавіны, зерня, зеляніны. Сьцьвярджэньне выклікала дыскусію зь ім А. Супінскага, дасьледніка паяснога адзеньня і апантанага крытыка «нацдэмаўскіх» падыходаў вучонага да вывучэньня народнага касьцюма[95]. У сваім артыкуле В. Ластоўскі адзначаў зьмены ў касьцюме і пісаў, што старое традыцыйнае адзеньне на працягу апошніх 20 гадоў замяняецца «гарадзкімі модамі» — больш зручным і модным адзеньнем з фабрычных тканін; на галаву замест шапкі, «унасьледаванай яшчэ ад эпохі напаўпаляўнічага — напаўземляробчага быту, селянін апрануў «гарадзкі франтаваты картуз» (с. 321–322)[96]. Акрамя адзеньня, у артыкуле разглядалася абрадавае выкарыстаньне ручнікоў[97].

Экспэдыцыйныя набыткі Беларускага дзяржаўнага музэю

Набытыя падчас экспэдыцыі рэчы паступілі ў Беларускі дзяржаўны музэй. Мяркуючы па фотаздымкам у альбоме, экспэдыцыйныя здабыткі фатаграфавалі ўжо непасрэдна ў памяшканьні музэю на адпаведным фоне. На іх бачым фрагмэнты тэкстылю: рукавы кашуль, арнамэнт ткацтва і вышыўкі. У подпісах пазначаныя музэйныя нумары з чатырохзначнага нумара калекцыі і парадкавага нумара прадмета ў калекцыі. Частка подпісаў выкананая атрамантам, іншыя — алоўкам, але шмат фота, асабліва прадметаў адзеньня і ручнікоў, засталіся непадпісанымі. Дастаткова падрабязная інфармацыя, атрыманая ў экспэдыцыі, спадарожнічае выявам драўляных бажніц і карцоў. Запісана дзе, ад каго і за колькі набыты прадмет, калі і кім ён быў выраблены, пазначанае датаваньне асобных рэчаў.

У фонд музэю былі набытыя жаночыя і мужчынскія кашулі, фартухі, жаночы вышываны чапец, дзявочая галаўная павязка з багата арнамэнтаванымі канцамі, здымны каўнер-брыжы, шмат тканых ручнікоў-набожнікаў і інш. Храналягічны дыяпазон прадметаў адзеньня і ручнікоў — ад канца XVIII да канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Сустракаюцца досыць рэдкія экспанаты зьцікавай гісторыяй. Так, сарочка з намітнага кужалю, рукавамі з абшлягамі без манкетаў, з досыць сьціплымі чырвонымі палоскамі на паліках, зьверху рукавоў і на адкладным каўняры датаванаяXVIII ст., бо яна была зробленая на ўласнае вясельле прабабкай Ганны Лоўш зь вёскі Таль (фота 139). Ад уладальніцы запісана, што «гэта пракаветная мода, якая вывелася ўжо 100 гадоў таму назад, яшчэ да адмены прыгону». Адна з сарочак ейнай уласьніцай Ганнай Шынец была набытая ад уцекачоў з Пружанскага павету пад час Першай сусьветнай вайны. Цікава, што пазьней да яе па мясцовай модзе быў прышыты зборчаты каўнер «брыжы» з паркалёвай крамнай тканіны (фота 154)

Былі прывезеныя ў музэй узоры нагруднага жаночага адзеньня, якія сваім выглядам, матэрыялам, кроем і характарам аздабленьня адрозьніваліся ў розных раёнах. На Случчынежанчыны насілі доўгія, каляровыя з набіўной атласнай тканіны гарсэты (фота 170, 171), на Мазыршчыне — цёмныя суконныя кабаты (фота 1767, 177). Як яны выглядалі ў касьцюме, добра бачна на натурных экспэдыцыйных здымках. Варты ўвагі, хоць і не лякалізаваны, камплект жаночага ўпрыгожаньня з трох нізак розных пацерак з 6 нацельнымі крыжыкамі і 5 мэталёвыміабразкамі (фота 150).

На Мазыршчыне экспэдыцыя набыла для музэю некалькі мужчынскіх кашуль, якія зьяўляюцца важнымі для вывучэньня мужчынскага адзеньня і эвалюцыі крою такога тыпу адзеньня. Каштоўна, што на фотаздымках яны паказаныя ў разгорнутым выглядзе, і асобна зробленыя фрагмэнты аздабленьня пазухі, прыполу і расшывак. На Случчыне ў вёсцы Паўстынь была знойдзеная кужэльная мужчынская сарочка паліковага крою з адкладным каўняром, адметная тым, што мае невялікі арнамэнт на паліках, вырабленая ў 1860-я гг. (фота 193). У вёсцыОршыцы каля Азарыч была набытая шапка-валёнка зь мясцовай назвай «кучма», аздобленая сінім шнурком, якую сам зрабіў ейны ўласьнік у пачатку ХХ ст. (фота 193).

Мяркуючы па фота ў альбоме, на Мазыршчыне экспэдыцыя сабрала досыць разнастайную калекцыю тканых ручнікоў-набожнікаў. На вялікі жаль, за выключэньнем двух узораў зь вёскіЛампекі каля мястэчка Даманавічы, яны ня маюць анатацый. Зьвяртае на сябе ўвагу падабенства геамэтрычнай арнамэнтацыі ручнікоў з аздабленьнем рукавоў сарочак і фартухоў калінкавіцкага строя. 

Фотадакумэнтацыя дазваляе прадметна дасьледаваць пытаньне аб тым, што захавалася да нашага часу ў калекцыі народных тканін і адзеньня Нацыянальнага гістарычнага музэюРэспублікі Беларусь, што прапала ў вайну, і што можа быць прадметам далейшых пошукаў і рэстытуцыі.

Выключную каштоўнасць складае калекцыя драўляных бажніц і коўшыкаў-карцоў. Гэтыя рэдкія музэйныя прадметы былі вывезеныя ў Германію ў чэрвені 1944 г. Карцы вярнуліся ў музэй, аднак іх пашпартныя дадзеныя страчаныя. У сьпісе экспанатаў Беларускага дзяржаўнага музэю, якія былі вернутыя БССР, пазначаныя толькі інвэнтарныя нумары і назвы карцоў, у некалькіх выпадках іх вышыня[98]. Унікальныя ўзоры беларускага народнага мастацтва — бажніцы з геамэтрычнай разьбой, не былі адшуканыя, і вядомыя нам толькі па ацалелым фота ў альбоме экспэдыцыі В. Ластоўскага. Выдатным фактам зьяўляецца тое, што амаль усе карцы і бажніцы падрабязна падпісаныя ў альбоме. 

Відавочна, гэтая калекцыя і інфармацыя аб рэдкіх ужо і на той час прадметах зьбіралася В. Ластоўскім мэтанакіравана. Дасьледнік ацэньваў бажніцы як «беларускія нацыянальныя каштоўнасьці»[99]. У артыкуле «Пісанае дрэва» ён апісаў прызначэньне гэтых прадметаў і падаў тлумачэньне слова «бажніца», дзе і як яно ўжывалася[100]

У альбоме зьмешчаныя фота 10 бажніц. У сялянскім доме яны знаходзіліся на покуці разам з абразом, зьверху пакрываліся набожнікам. Па форме — гэта драўляная шафка, унутр якой устаўляўся абраз, маецца таксама скрыначка для рытуальных прадметаў: сьвянцонай вады і солі, крэйды, грамнічнай сьвечкі. У артыкуле В. Ластоўскі прывёў апісаньне зьмесьціва скрынкі адной з набытых для музэю бажніц: «Скрынка ўнізе бажніцы прызначана для перахову сьвечак, крыжыкаў, мэдалікаў, сьвянцоных зёлак і г.д. У бажніцы № 7179-17, набытай у вёсцыАсташкавічы ад Пунтус, знаходзіліся ў скрыні наступныя рэчы: 2 цэлыя і ½ падпаленай васковай сьвечкі… мяшочак са сьвянцонымі зёлкамі… 2 бронзавыя мэдалікі і 1 бронзавы крыжык з адламаным вушкам, скарынка сьвянцонага хлеба… Пад адкрытай аркай у тэй самай бажніцы, акрамя іконы, была бутэлечка са сьвянцонай вадой (с. 184)»[101] (фота 226).

Адметнасьць гэтых па-мастацку прыгожых рэчаў — у наяўнасьці на іх фасадзе ўзбуйненай трохгранна-выямчатай геамэтрычнай разьбы. Арнамэнт складаецца з квадратаў з касымі крыжамі, кругоў з крыжамі, прысутнічаюць выявы сонца, елачкі. Бажніцы маюць наверша, на некаторых зь іх ёсьць крыжык. Усе яны зробленыя ў адным стылі, але відавочна рознымі выканаўцамі. Формы некаторых спрошчаныя, іншых — больш плястычна разнастайныя. Чатыры бажніцы паходзяць зь вёсак Давыдавічы, Лісец, тры — з Асташкавіч, астатнія тры — не падпісаныя. Гэта значыць, што тэрыторыя распаўсюджаньня такіх прадметаў лякалізуецца ў Калінкавіцкім і Сьветлагорскім раёнах Гомельскай вобласьці. Час стварэньня драўляных бажніц з прыгожай разьбой прыпадае на пэрыяд першай паловы — сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Экспэдыцыя купляла бажніцы для музэю за 1, 2, 3 ці нават за 5 рублёў.

М. Ніколькі выказаў меркаваньне, што бажніцы мелі ў вёсцы шырокае распаўсюджаньне і вырабляліся вясковымі, часткова гарадзкімі саматужнікамі, якія прытрымліваліся традыцыйных узораў[102]. Аднак альбомныя подпісы пад бажніцамі сьведчаць, што іх рабілі і самі вяскоўцы. Яны былі сямейнымі рэліквіямі, вырабляліся мужчынамі на сваё вясельле, пераходзілі з пакаленьня ў пакаленьне. У вопісах ёсьць зьвесткі, што бажніцу рабіў дзед ці прадзед уласьніка. Пры гэтым, канечне, нельга выключаць наяўнасьць у пералічаных мясьцінах саматужных промыслаў па вырабе гэтых аздобных рэчаў. 

В. Ластоўскага цікавіла праблема нацыянальнага мастацкага стылю. Да разуменьня народнага мастацтва ён падыходзіў ня проста як этнограф, зьбіральнік, а хутчэй як мастацтвазнавец. Разьбяныя бажніцы і карцы былі выдатным узорам праявы нацыянальных мастацкіх асаблівасьцей. Дасьледнік уважаў, што ў аснове народнага мастацтва ляжаць калектыўныя традыцыі і індывідуальныя творчыя здольнасьці, што апошнія дзейнічаюць у рамках першых, таму «адступленьне ад калектыўна выпрацаваных і санкцыянаваных традыцый асноўных элемэнтаў аздабленьня ў асяродзьдзі, якое жыве замкнёным жыцьцём, звычайна ня мае посьпеху, бо яны нязвыклыя, непрыемныя і — што з гэтага выцякае — успрымаюцца як непрыгожыя (с. 181)»[103]

У альбоме ёсьць фота 45 драўляных коўшыкаў-карцоў[104]. Яны прыцягваюць да сябе ўвагу мастацкасьцю, выразнай архаічнай скульптурнасьцю. У сваіх формах і аздобах яны нясуць адбітак старажытных часоў, калі рэч была адначасова прадметам і рытуальным атрыбутам. Іх адметнасьцю зьяўляюцца ручкі, плястыка якіх нагадвае выявы галавы каня або пеўня. Яны ўпрыгожаныя скразнымі круглымі адтулінамі, рыскамі, складзенымі ў арнамэнт, выявамі крыжоў.

         Гэтымі мастацкімі рэчамі В. Ластоўскі зацікавіўся даўно. У 1913 г. Вацлаў Іваноўскі, зь якім ён падтрымліваў сталыя кантакты, сабраў на Віцебшчыне некалькі ўзораў драўляных «канаўцаў» – коўшычкаў. У 1926 г. дасьледнік у часопісе «Крывіч» робіць спробу апісаньня гэтых цікавых прадметаў[105]. Ён прыводзіць іх народныя назвы: «канаўцы», «канаўкі» і ў мужчынскім і жаночым родзе – «канавец», «канавак», а таксама «конаўкі» і вызначае іх функцыі як абрадавага начыньня. Даўней яны служылі замест цяперашніх чарак пры сямейных (вясельле, хрэсьбіны, хаўтуры) і грамадзкіх (брацкія і іншыя сходы) урачыстасьцях, і ўжываліся сялянамі да апошніх часоў. Вызначаючы сэмантыку арнамэнту на ручках карцоў, В. Ластоўскі вылучае выявы сонца і каня і піша, што гэтыя сымбалічныя знакі захаваліся зь сівой, дахрысьціянскай мінуўшчыны. Дасьледнік аналізуе карцы як рэчы крывічанскай традыцыі і для раскрыцьця іх сэмантыкі робіць зандаж у славянскую міталёгію: «…у іх традыцыйных рысунках знаходзім дакумантальнае пацьверджаньне істнаваньня ў Крывічоў чэсьці нябеснага агня ва ўсіх яго праявах і чэсьць каня як неадлучнага атрыбуту сварачагася нябеснага агня (Сварога–Грому–Пяруна). Згэтуль на канаўцах стылізаванае перапляценьне конскай галавы і сонечнага кругу»[106]. У заключэньні дасьледнік робіць выснову: «Запраўды, тое што ў Егіпце перахавалася высечанае на камяні, у Ассырыі і Бабілёніі ў клінапісных тэкстах на цэгле, гэта ў нас маецца ў скарбах народнай творчасьці, да сягоньня яшчэ на жаль намі не сабранай і не пазнанай»[107]. Таму адной з задачаўэкспэдыцыі 1928 г. стала выяўленьне і збіраньне такіх важных для разуменьня культурных традыцый беларусаў мастацкіх прадметаў.

Экспэдыцыя В. Ластоўскага ў 1928 г. набыла 29 карцоў. Усе яны сабраныя на кампактнай тэрыторыі, якая акрэсьліваецца трохкутнікам населеных пунктаў Азарычы — Даманавічы — Асташкавічы ў Калінкавіцкім і Сьветлагорскім раёнах Гомельскай вобласьці. Пераважная большасьць зь іх паходзяць з былога мястэчка Даманавічы і бліжняга навакольля: з Даманавіч — 5, вёсак Анісавічы — 2 і Лампекі — 10 экспанатаў. Па адным карцы было набыта ў вёсках Сарынічы, Халаднікі, Казловічы, Лісец, Давыдавічы. У вёсцы Асташкавічы набылі 8 карцоў. Карцы, адпаведна анатацыям, былі вырабленыя 20–25 год да іх набыцьця — гэта значыць у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. За карцы музэй плаціў па 50 капеек ці па 1 рублі, што пазначана ў подпісах пад фота. 

Калекцыя драўляных карцоў Беларускага дзяржаўнага музэю пачала фармавацца з экспанатаў, якія паступілі ў 1922 г. ад Менскага таварыства гісторыі і даўніны. Меліся і іншыя паступленьні. На сёньня ў зборы Нацыянальнага гістарычнага музэю Рэспублікі Беларусьзахоўваецца 54 карцы, на двух зь якіх ёсьць надпісы з абрэвіятурамі: «№ ..8 / W.Ł.» і «22 W.Ł.», што сьведчыць аб іх першапачатковай прыналежнасьці да прыватнага збору В. Ластоўскага, які перадаў іх у музэй[108]. На карцах захаваліся старыя інвэнтарныя нумары Беларускага дзяржаўнага музэю, што дазволіла пры супастаўленьні іх з фота ў альбоме зрабіць выснову аб тым, што даваенная калекцыя такіх прадметаў была большая па колькасьці, і некаторыя прадметы пасьля вайны ў Мінск не былі вернутыя.

Зьвяртае ўвагу тое, што карцы маюць невялічкі памер — іхні аб’ём прыкладна 100 мл, вышыня складае ад 4,5–5,5 да 6,5–7,5 см і не перавышае 8 см у даўжыню. М. Нікольскі, скарыстаўшы артыкул «Пісанае дрэва», вызначае карцы як «судзіны для піцьця і напояў» і піша: «Гэтыя коўшыкі ўжываюцца на грамадскіх сьвяточных вечарох, на вясельлі, хрэсьбінах, хаўтурах, г. зн. маюць адносіны да культу; яны таксама служаць для зачэрпваньня піва або мёду з “кадушак” або брацін на грамадскіх сялянскіх сьвятах, т. зн. “сьвячах”, якія цяпер прыстасоўваюцца да хрысьціянскіх сьвят, але маюць дахрысьціянскае паходжаньне»[109]. На падставе зробленага намі аналізу, іх функцыю можна вызначыць наступным чынам: драўляныя карцы — гэта рытуальна-абрадавы посуд для пітва моцных напояў: пітнога мёду, піва і гарэлкі, які бытаваў у беларусаў да канца ХІХ — пачатку ХХ стст. У сялянскіх сем’ях было па некалькі такіх прадметаў, аб чым сьведчыць архіўная дакумэнтацыя, дзе пазначана, што ад аднаго гаспадара было набыта па два карцы. Можна меркаваць, што сяляне захоўвалі карцы, якія былі выкананыя ў розны час прадстаўнікамі розных пакаленьняў мужчын у сям’і. Мастацкі стыль гэтых прадметаў захаваў плястычны адбітак сьветаўспрыманьня беларусаў глыбокай язычніцкай старажытнасьці. Мастацка-плястычныя арніта- і зааморфныя вобразы драўляных карцоў з абагуленымі выявамі пеўня, галавы каня, сонца данесьлі да нас рэшткі старажытнейшых міталягічных уяўленьняў, індаэўрапейскія міталягемы, якія не захавала вэрбальная традыцыя беларусаў. У карцах пазнаецца плястычны і сэмантычны правобраз птушкі, якая плыве па вадзе. Дыяганальная лінія ручкі арганічна вырастае зь ёмістасьці, надае плястыцы карца дынамічнасьць. «Птушыны» вобразна-мастацкі лад карца лёгка распазнаецца. Здаецца, што беларускія карцы нясуць на сабе адбітак сівых касмаганічных мітаў аб дэміўргічнай ролі птушкі-вуткі ў стварэньні Сусьвету.

Плястычна-выяўленчыя формы драўляных карцоў нараджаліся дзякуючы ўжываньню старажытнай тэхнікі дзяўбаньня і выразаньня пры дапамозе нажа. У іх вырабе выкарыстаныя таксама тэхнікі контурнай, трохгранна-выямчатай разьбы, выпальваньне, якія ў народнай лексіцы беларусаў вызначаліся словам «пісаць», а прадметы, аздобленыя пры іх дапамозе — «пісаныя». «Пісаньне» было спосабам нанясеньня на драўляныя формы пэўных магічных знакаў і аздабленьня іх дэкорам. Выяўленыя на карцах знакі: ромбы, адзіночны касы крыж, дарожка з касых крыжоў ці касых крыжоў з рыскамі паміж імі, касы крыж у простакутніку, сьпіраль, лукаткі з рысак, лукаткі з трохкутнікаў, выявы елачак, шасьціпялёсткавая разэтка, належаць да арсэналу найбольш старажытных арнамэнтальных сымбаляў вядомых чалавецтву. Іх выявы на драўляных карцах падобныя да архаічных арнамэнтаў на археалягічнай кераміцы, якія наносіла на гліну рука чалавека з часоў палеаліту. Адзінкавы характар арнамэнтальных знакаў (ромб, сьпіраль, касы крыж) дазваляе меркаваць, што калісьці ў іх укладаліся сакральна-магічныя сэнсы: пажаданьне і прадукаваньне блага і дабра, моцы і аховы. Менавіта архаічны стыль надае беларускім карцам рысы этнічнай характэрнасьці. 

Этнаграфічныя прадметы і рарытэты

Этнаграфічныя задачы экспэдыцыі скіроўвалі ўвагу ўдзельнікаў не толькі на збор высокамастацкіх рэчаў, а таксама на фіксацыю прадметаў побыту і спосабы іх ужываньня. Так на фота адлюстраваны спосаб нашэньня ў трапкачы гаршка з кашай для парадзіхі, які ўжывала баба-павітуха, а таксама сам трапкач, які сшывалі з кавалка тканіны з рэшткамі не датканай асновы, які адразалі ад вытканага палатна (фота 261). Аснову запляталі ў сетку і ў такім прыстасаваньні насілі кашу на хрэсьбіны, хаўтуры, у поле. Узор трапкача быў набыты для музэю ў вёсцыПаўстынь на Случчыне (фота 263).

Па маршруце экспэдыцыі ад вёскі Таль да мястэчка Даманавічы была сабраная калекцыя з 6 жалезных крэсіваў, якія вяскоўцы ўжывалі для высяканьня агню, пераважна пры паленьні тытуню (фота 258), а ў вёсцы Лісец набыты драўляны бязьмен зь мядзянымі акоўкамі першай паловы ХІХ ст. (фота 259).

На альбомных фота ёсьць рарытэтныя прадметы, напрыклад, кукарда галаўнога ўбору кірасіра войска Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII ст.[110] (фота 264). Вядома, што ў Беларускім дзяржаўным музэі мелася калекцыя зброі і вайсковага рыштунку. Зьвяртае ўвагу фота кавалка каменя з эгіпэцкімі герогліфамі. Адсутнасьць подпісу аб яго паходжаньні папаўняе інфармацыя, якая прамільгнула ў «Хроніцы беларускай культуры»: «Навуковы супрацоўнік Беларускага Дзяржаўнага Музэю набыў у м. Глуску кавалак каменя, на якім вельмі выразна выбіты розныя малюнкі, накшталт эгіпэцкіх гіерогліфаў (фота 266). Па думцы спэцыялістых, гэта ёсьць сапраўдныя эгіпэцкія гіерогліфы, завезеныя на Беларусь у пазьнейшыя часы. Камень з гіерогліфамі быў знойдзен у падвале касьцёлу»[111]. Па меркаваньні спэцыялістаў на камені напісанае троннае імя Тутмаса (якога канкрэтна цяжка казаць з-за адбітай часткі надпісу)[112]. Верагодна, гэты іншаземны артэфакт патрапіў у Беларусь як сувэнір з вандровак прадстаўнікоў беларускай шляхты ў часы росквіту ў Эўропе захапленьня культурай Эгіпту — «эгіптаманіі». 

***

З далечыні Саратаўскай ссылкі, аглядаючыся на пражытае, Вацлаў Ластоўскі пісаў 5 мая 1934 г. у лісьце да Адама Багдановіча: «Я на працягу 1928 – 1930 гг., упарта назапашваў этнаграфічныя матэрыялы, сутыкнуўшыся з жывым асяродзьдзем. На апрацоўку сабранага ў мяне ў тую пару не было часу. Цяпер за гэтыя гады, пераагледзеўшы назапашанае, знаходжу, што мной сабраны сапраўдны скарб»[113]. Цяпер частка каштоўнага этнаграфічнага скарбу В. Ластоўскага вяртаецца да нас. 

На заканчэньне ад складальніцы

Альбом экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны, мае сваю цікавую і складаную гісторыю, у якую ўплеценыя лёсы выдатных асоб і ў якой адлюстраваліся тры эпохі: другое беларускае адраджэньне 1920-х гадоў, час сталінскіх рэпрэсій ў БССР 1930-х гадоў і пэрыяд Другой сусьветнай вайны. Згаданым у артыкуле асобам давялося жыць і дзейнічаць у гэты супярэчлівы час на карысьць сваёй радзімы — Беларусі. 

Арыгінал альбома зьмяшчае 270 з 300 ці 400 фотаздымкаў, што, паводле апублікаванай у той час інфармацыі, былі зробленыя ў экспэдыцыі. Застаецца невядома — ці то быў сьвядомы адбор, ці альбом не пасьпелі папоўніць. Альбом ня быў складзены за адзін раз, да яго дадаваліся фота, якія зь нейкай прычыны не былі ўключаныя першапачаткова. Таму пасьлядоўнасьць фотаздымкаў у ім парушаная і фота, зробленыя ў адной мясцовасьці, уклееныя ў розныя часткі. Пры падрыхтоўцы альбома да друку фотаздымкі былі згрупаваныя па мясьцінах і аб’ектах, якія наведала экспэдыцыя, рухаючыся ад Слуцку на Мазыршчыну, і па сабраных калекцыях прадметаў адзеньня, ручнікоў, бажніц і карцоў, этнаграфічных прадметаў. 

Ня ўсе натурныя фота ў арыгінале альбома падпісаныя. Прывезеныя экспанаты — прадметы адзеньня, карцы і бажніцы — былі сфатаграфаваныя непасрэдна ў музэі пасьля вяртаньня экспэдыцыі. У подпісах пазначаныя парадкавыя нумары па музэйнай кнізе, якая ўлічвала паступленьне экспанатаў: нумар калекцыі і парадкавы нумар прадмета ў ёй, напрыклад, «7185-15». Большая частка подпісаў зробленая лілёвым атрамантам, іншыя алоўкам. Пры некаторых чарнільных подпісах прастаўленыя нумары ў дужках алоўкам, напрыклад, «3931». Гэта інвэнтарныя нумары па інвэнтарнай кнізе ўліку, завершанай у 1934 г., калі былы Беларускі дзяржаўны музэй атрымаў назву «Беларускі дзяржаўны гісторыка-бытавы музэй». Кнігі захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь і зьяўляюцца крыніцамі для далейшага дасьледаваньня калекцыі, сабранай экспэдыцыяй 1928 г. Каштоўна, што ў кнігах уліку разам з новымі інвэнтарнымі нумарамі пададзеныя старыя нумары з кнігі паступленьня экспанатаў у Беларускі дзяржаўны музэй і пазначана: «З экспедыцыі па вывучэнні бел. народ. творчасці Слуцкага пав.». Гэта дазваляе параўноўваць фота ў альбоме з наяўнымі ў музэі на той час экспанатамі. У некаторых выпадках пастаўленая дата набыцьця экспаната. На вялікі жаль, запісы ў інвэнтарных кнігах вельмі сьціслыя, у іх няма зьвестак аб паходжаньні музэйных прадметаў, якія імаверна знаходзіліся ў кнігах паступленьняў, якія не захаваліся да нашага часу. 

У подпісах да апублікаваных фота на падставе праведзенай атрыбуцыі падаюцца назвы прадметаў, матэрыял і тэхніка выкананьня, датаваньне, месца паходжаньня згодна з сучаснымадміністрацыйным падзелам. У квадратных дужках прыводзяцца арыгінальныя подпісы ў адпаведным напісаньні, у якіх для зручнасьці чытаньня расстаўленыя знакі прыпынку. Пры адсутнасьці арыгінальнага подпісу ў дужках падаецца толькі нумар фотаздымка. Пры цытаваньні публікацый 1920–1930-х гадоў ужыты тагачасны правапіс.

Публікацыя матэрыялаў экспэдыцыі пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага дазваляе адкрыць яшчэ адзін важны бок ягонай дзейнасьці — этнаграфічны і мастацтвазнаўчы, выразнападкрэсьлівае шматграннасць ягонае асобы. Пасьля вяртаньня ў 1927 г. у БССР, нягледзячы на кароткі час, які быў яму адведзены для ажыцьцяўленьня ўсіх плянаў, В. Ластоўскі выдатна праявіў сябе як арганізатар навукі, дасьледнік, музэйнік, зьбіральнік-этнограф, які імкнуўся паказаць і захаваць прыгажосьць і самабытнасць беларускай культуры і народнага мастацтва.

Лёнданскі альбом утрымлівае шмат каштоўных матэрыялаў, якія дасьледнікі яшчэ маюць асэнсаваць. Ён зьяўляецца дакумэнтальнай падставай для вывучэньня страчаных падчас Другой сусьветнай вайны музэйных каштоўнасьцей і далейшага пошуку нашай спадчыны, вывезенай за межы Беларусі.


[1] Назвы Менск і Мінск у артыкуле адлюстроўваюць афіцыйны ўжытак таго пэрыяду, пра які ідзе гаворка.

[2] Власт. [Ластоўскі, В.] Інструкцыя для зьбіраньня рэчаў у этнографічныя аддзелы музэяў // Наш край. — 1927. — № 8–9. — С. 66–73.

[3] Справаздачы аб працы ІБК за 1927 г. // Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі. — Фонд 67, воп. 1, спр. 23, арк. 58–59.

[4] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 10. — С. 245.

[5] Цэнтральны навуковы архіў НАН Беларусі. — Фонд 67. — Воп. 1. — Спр. 23. — Арк. 59.

[6] Бюлетэнь Інстытуту беларускае культуры. № 2. 1927–1928. — Менск : ІБК, 1928. — С. 74

[7] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 3. — С. 104.

[8] Бюлетэнь Інстытуту беларускае культуры… — С. 74.

[9] Астрэйка, А. Беларускi ткацкi орнамэнт перабiранай i накладной тэхнiкi. — Менск, 1929. — 63 с.

[10] Бюлетэнь Інстытуту беларускае культуры… — С. 74.

[11] Запіскі аддзелу гуманітарных навук: зб. прац Інбелкульту. Кн. 4. : Працы катэдры этнографіі. Т. 1. Сш. 1. — Менск : Інбелкульт, 1928. — 360 с.

[12] Харламповіч, П. Пяцігодзьдзе Беларускага Дзяржаўнага Музэю // Наш край. — 1927. — № 1. — С. 12.

[13] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 1. — с. 216.

[14] [Ластовский, В.] Белорусский государственный музей // Белорусская культура. Сборник І. — Менск, 1928. — С. 52.

[15] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі / Беларуская акадэмія навук, Інстытут філёзофіі. — Менск, 1931. — Т. І, ч. 3: Этнографія. Музэйная справа /Л. Бабровіч [і інш.]. — С. 206.

[16] Власт [Ластоўскі, В.] Інструкцыя для зьбіраньня рэчаў… — С. 66–73.

[17] Дакладныя даты правядзеньня экспэдыцыі не ўстаноўленыя.

[18] Бюлетэнь Інстытуту беларускае культуры… — С. 17.

[19] Бюлетэнь Інстытуту беларускае культуры… — С. 74.

[20] Панов Александр Михайлович // Википедия [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://www.wikiwand.com/ru. — Дата доступу: 21.06.2023.

[21] Панов А. М. О князе Константине Константиновиче Острожском // Минская старина. Вып. 1. — Минск, 1909. — С. 27–57. 

[22] Холодова, Е. Минский церковно-археологический комитет и музей при нем (к 95-летию со дня создания) // Архівы і справаводства. — 2003. — № 1 (25). — С. 126–127. 

[23] Аўтарка ўдзячная Надзеі Саўчанка за прадстаўленую інфармацыю.

[24] Денисов, А. Минское общество истории и древностей // Беларуская думка. — 2016. — № 10. — С. 95.

[25] Абламейка, С. Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня. Кн. 1. — Радыё Свабоды, 2012 (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе. Радыё Свабодная Эўропа). — С. 132, 238, 271.

[26] Каталёг выстаўкі слуцкіх паясоў / Беларускі дзяржаўны музэй. — Менск : Друкарня Ін-ту Беларускай культуры, 1927. — 20 с. 

[27] Абламейка, С. Невядомы Менск…— С. 276. 

[28] Кочерга Н, Ревегук В. Репресовані науковці Полтавщини в роки сталінізму [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://histpol.pl.ua/ru/biblioteka/tematicheskie-podborki/natsionalno-osvoboditelnoe-dvizhenie?id=4309 — Дата доступу: 26.05.2023.

[29] Сучаснае беларускае мастацтва. Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства / апрацавалі М. Шчакаціхін і В. Ластоўскі. — Менск : Друкарня Інбелкульту, 1929. — С. 19.

[30] У тагачасных публікацыях сустракаюцца розныя напісаньні прозьвішча: Гальмаж’ян, Гальмажыян, Гальмаджэян, Гальмачан, Гальмаджан. У пазначанай публікацыі на украінскай мове — Гальмажеан-Гальмаді.

[31] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 6. — С. 206.

[32] Сучаснае беларускае мастацтва. Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства / апрацавалі М. Шчакаціхін і В. Ластоўскі. — Менск : Друкарня Інбелкульту, 1929. — С. 20.

[33] Сучаснае беларускае мастацтва. Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і разьбярства… — Іл. № 13, 18.

[34] Янушкевіч, Я. Неадменны сакратар Адраджэння : Вацлаў Ластоўскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1995. — С. 39. 

[35] Илькевич, Н. Совместное использование в научных целях уголовных дел снятого фонда оперативных архивов территориальных органов Федеральной службы безопасности России // Рэстытуцыя культурных каштоўнасцей: праблемы вяртання і сумеснага выкарыстання (юрыдычныя, навуковыя і маральныя аспекты): Матэрыялы Мiжнар. навук. канф., якая адбылася ў Мiнску пад эгiдай UNESCO 19–20 чэрв. 1997 г. / Рэдкал.: А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мінск : ННАЦ, 1997. — (Вяртанне : 4). — С. 207.

[36] Зюзин, А. Из «личного дела» сотрудника ЗНБ СГУ Вацлава Ластовского // Асоба и час : Беларускі біяграфічны альманах. — Вып. 4. — Мінск : Лімарус, 2012. — С. 99, 111.

[37] Арыгінал напісаны па-расейску, гл. Янушкевіч, Я. Неадменны сакратар Адраджэння… — С. 65. Тут і далей цытаты з рускамоўных крыніц падаюцца ў перакладзе аўтаркі гэтага артыкула.

[38] Илькевич, Н. Совместное использование… — С. 207. 

[39] Илькевич, Н. Совместное использование… — С. 207. 

[40] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 5. — С. 172–173.

[41] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 7. — С. 216.

[42] Вывучаем мінулае і сучаснае сваей краіны (Гутарка з Неадменным Сакратаром Беларускай Акадэміі Навук акадэмікам Ластоўскім // Савецкая Беларусь. – 1929. – 2 чэрвеня № 123. — С. 4. Выяўленьне гэтай крыніцы Ганнай Севярынец дазволіла ўдакладніць тэрмін правядзення экспэдыцыі, бо ў артыкуле пазначана, што яна вярнулася ў Менск 31 траўня 1929 г. Язэп Янушкевіч у кнізе “Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі” (Мінск : Навука і тэхніка, 1995) на с. 61 без спасылкі на крыніцу піша, што экспэдыцыя адбылася пасьля жнівеньскага адпачынку В. Ластоўскага з 16 па 18 верасьня 1929 г. 

[43] Янушкевіч, Я. Неадменны сакратар Адраджэння… — C. 63.

[44] У 1931 г. у адным зь першых артыкулаў, у якіх распачалася крытыка «нацдэмаўскай этнаграфіі», гэты пэрыяд дзейнасьці В. Ластоўскага быў «ацэнены» наступным чынам: «…раптам пераафарбоўваецца з “вялікага” політычнага дзеяча ў беларускага “вучонага” этнографа і задае тон як катэдры этнографіі, так і ўсёй Акадэміі» (Бабровіч, Л., Шпілеўскі, Ів. Супроць контр-рэволюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі // Савецкая краіна. — 1931. — № 1. — С. 43.).

[45] Сьпіс выданьняў Аддзелу гуманітарных навук Інстытуту беларускай культуры Беларускай Акадэміі навук зьмешчаны на вокладцы кнігі Ўсевалада Ігнатоўскага «1863 г. на Беларусі: нарыс падзей» (Менск, 1930) [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://be.wikisource.org/wiki/%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D0%B0:1863_%D0%B3%D0%BE%D0%B4_%D0%BD%D0%B0_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D1%96.pdf/282?fbclid=IwAR2vcNk8e6vNCsJa3pG6ny7hetk_A4FnhpWOCPyrvnyw4Wk15zvnFgpwRxE. — Дата доступу: 24.06.2023. Шчыра дзякую за спасылку на гэты дакумэнт сп. Вячаславу Мартысюку.

[46] Бабровіч Лявон Андрэевіч (1904–1934). На час напісаньня артыкула вучыўся ў асьпірантуры Беларускай акадэміі навук, аўтар гістарычнага нарыса «Мястэчка Койданава» (у суаўтарстве з І.Х. Шпілеўскім,1929). Актыўны ўдзел у «антынацдэмаўскай» крытыцы не ўратаваў яго ад арышту па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру» і расстрэлу ў 1934 г.

[47] Шпілеўскі Іван Хведаравіч (Тодаравіч) (1891–1941). Аўтар «Гістарычнага нарыса Дзяржыншчыны (б. Койданаўшчыны)» (разам з Л. Бабровічам, 1932).

[48] Бабровіч, Л., Шпілеўскі, Ів. Супроць контр-рэволюцыйных нацдэмаўскіх тэорый… — С. 53.

[49] Нікольскі Мікалай Міхайлавіч (1877–1959), расійскі і беларускі савецкі гісторык, усходазнавец.

[50] Нікольскі, Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства / Н.М. Нікольскі // Працы сэкцыі этнографіі / Інстытут гісторыі імя М.Н. Пакроўскага Бел. Акадэміі навук. — Вып. ІІІ. — Менск, 1933.

[51] Нікольскі, Н.М. Устаноўкі і мэтады беларускай нацдэмаўскай этнографіі / Н.М. Нікольскі // Працы сэкцыі этнографіі / Ін-т гісторыі імя М.Н. Пакроўскага Бел. Акадэміі навук. — Вып. IV. — Менск, 1933.

[52] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі / Беларуская акадэмія навук, Інстытут філёзофіі. — Менск, 1931. — Т. І, ч. 3: Этнографія. Музэйная справа /Л. Бабровіч [і інш.]

[53] Никольский Н.М. Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии // Советская этнография. — 1932. — № 4. — С. 2 — 25.

[54] Никольский Н.М. Установки и методы… — С. 18.

[55] Супінскі Антон Казіміравіч (1896–1957), ураджэнец Беларусі, этнограф.

[56] Супинский, А. К. «Понёва» и «вставка» в белорусской женской одежде. К вопросу об их культовом происхождении // Советская этнография. — 1932. — № 2. — С. 103.

[57] Супинский, А. К. «Понёва» и «вставка» в белорусской женской одежде… — С. 129.

[58] Беларускі дзяржаўны музэй знаходзіўся ў будынку архірэйскага падвор’я, на месцы якога пабудаваны Дом афіцераў (Чырвонаармейская, 3).

[59] Стаяў каля будынка былога музэю і архірэйскага дома.

[60] Шукелойць Антон Антонавіч (1915–2017), дзеяч беларускай эміграцыі.

[61] Віер Гаўрыіл Сямёнавіч (1890–1964), мастак, рэстаўратар. Гл. «Мы гэтак шмат страцілі…» [Інтэрв’ю Ю. Хадыкі з А. Шукелойцам] // Літаратура і мастацтва. — 1995. — 26 ліпеня. — С. 14 — 15. 

[62] Пазьняк, З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: «Беларускія ведамасьці», «АРО»; Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Летуве, 2003. — С. 61.

[63] Пазьняк, З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем… — С. 14.

[64] Сямёнаў Дзьмітрый Аляксандравіч (1926–1982), дзеяч беларускай эміграцыі.

[65] Цьвячкоўскі Антон Станіслававіч (?–1974), беларускі рэлігійны дзеяч, пісьменьнік.

[66] Громіч, Ю. Памяці змагароў за Бацькаўшчыну: 23-я угодкі слуцкага паўстання // Беларус на варце. — 1944. — № 2. — С. 11–12.

[67] Громіч, Ю. Памяці змагароў за Бацькаўшчыну… — С. 11.

[68] Громіч, Ю. Памяці змагароў за Бацькаўшчыну… — С. 12.

[69] Варта прывесьці дадзенае імі апісаньне зьместу альбома: «Сярод усіх гэтых 400 здымкаў (для фотографаваньня іх у экспэдыцыю браўся спэцыялісты мастак-фотограф) абсолютную большасьць займаюць: цэрквы, касьцёлы, келіхі, крыжы і потым здымкі “самабытных вясковых жанчын і дзяўчат, апранутых у “зьнікаючыя тыпы” беларускай народнай вопраткі. Сярод гэтых здымкаў у альбомах “красуецца” у самабытнай вопратцы і сам Ластоўскі з сваёю “самабытнай” жонкай, якую браў с сабою ў экспэдыцыю» (Бабровіч, Л., Шпілеўскі, Ів. Супроць контр-рэволюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі // Савецкая краіна. — 1931. — № 2. — С. 47).

[70] «Мы гэтак шмат страцілі…» [Інтэрв’ю Ю. Хадыкі з А. Шукелойцам] // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 26 ліпеня. — С. 15 (правапіс арыгіналу — рэд.). У «антынацдэмаўскіх» выданьнях, спасылкі на якія прыводзяцца, не ўдалося адшукаць інфармацыі аб існаваньні чатырох экзэмпляраў альбома. Выкажам думку, што другі менскі асобнік фотаальбома быў падрыхтаваны для катэдры этнаграфіі Інбелкульту і падчас вайны, магчыма, знаходзіўся ў распараджэньні М. Нікольскага. 

[71] «Мы гэтак шмат страцілі…» [Інтэрв’ю Ю. Хадыкі з А. Шукелойцам] // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 26 ліпеня. — С. 15.

[72] Мальдзіс Адам Восіпавіч (1932–2022), беларускі літаратуразнавец, гісторык, пісьменьнік.

[73] Лабачэўская, В.А. Архіў забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 года па маршруце Слуцк ― Асташкавічы // Культура и быт белорусов в этнографических исследованиях и музейных коллекциях : материалы международной научной конференции (7–8 июня 2012 года, г. Минск) / [сост. : Н. С. Бункевич и др.] — Минск, 2012. — С. 83–86.

[74] Лабачэўская, В.А. «Пісанае» дрэва — карцы. Гісторыя калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь: паходжанне, функцыя, семантыка мастацкай формы і арнаменту // Музейны веснік. Вып. 5 / [укл. : Н.У. Калымага і інш.]; Нац. гіст. музей Рэспублікі Беларусі. — Мінск : Артыя Груп, 2011. — С. 63–71.

[75] Наследие слуцкого края [Электронны рэсурс]. — Режым доступу: https://naslediesluck.by/ru/sluchina/114/1554/1555/. — Дата доступу: 31.05.2023.

[76] Гаўрук (Юрый Паўлавіч) Юрка (1905–1979).

[77] Ізі (Іцхак-Лейб) Харык (Ісак Давыдавіч Харык) (1898–1937).

[78] Гаўрук, Юрка. Сэрца, раскрытае насцеж. (Да 70-годдзя Ізі Харыка) // Літаратура і мастацтва. — 1968. — 15 сакавіка. — С. 3.

[79] Надпіс раcчытаны сп. Аляксандрай Валодзінай, якой аўтарка шчыра дзякуе.

[80] Grzebień Ludwik. Szantyr (Zamstyr) Stanisław August Ursyn // Polski słownik biograficzny T. 47 (2010-2011): Szaniawski Józef Kalasanty — Szeliga (Scheliga, Seliga) Franciszek. — S. 43–45.

[81] У копіі Інвэнтарнай кнігі БДМ № 4, якая была зроблена Н.М. Высоцкай і ёй належыць (арыгінал кнігі ў Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь не захаваўся), пад інвэнтарным нумарам 8477 запісана «Дошка памятная з Слуц. фары, драўл., аздоблен. разьбой з лацін. надпісам і датай “1419”».

[82] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 6. — с. 206.

[83] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — № 5. — С. 174.

[84] Культурныя навіны // Савецкая Беларусь. — 1928. — № 158. — 11 ліпеня. — С. 6.

[85] Шпілеўскі Павел Міхайлавіч (1823–1861), беларускі фальклярыст, этнограф.

[86] Лабачэўская, В.А. Традыцыйны народны тэкстыль // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. Т. 6 : Гомельскае Палессе і Падняпроўе : у 2 кн. Кн. 2 / пад агул. рэд. Т.Б. Варфаламеевай. — Мінск : Выш. шк., 2013. — С. 1184.

[87] Раманюк, М. Беларускае народнае адзенне. — Мінск : Беларусь, 1981. — Іл. 128 — 131, 135–185.

[88] Лабачэўская, В. Каўняры-брыжы ў жаночых сарочках калінкавіцкага строю: да праблемы паходжання // Материалы Международной научно-практической конференции «Национальный костюм как элемент исторического наследия в современной культуре», г. Могилев, 24–28 апреля 2018 года. — Могилев: МОМЦНТ и КПР, 2018. — С. 58–67; О проблеме изучения локальных вариантов белорусского народного костюма: калинковичский строй // Мода и дизайн: исторический опыт — новые технологии: материалы XIХ международной научной конференции / под. ред. Н.М. Калашниковой. — СПб.: ФГБОУ ВПО «СПГУТД», 2016. — С. 91–98.

[89] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі… — С. 187, 203.

[90] Никольский, Н.М. Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии… — С. 11.

[91] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі… — С. 188.

[92] Супинский, А.К. Национал-демократизм в современной белорусской этнографии // Этнография на службе классового врага. — Л. : Соцэкгиз, 1932. — С. 118.

[93] Супинский, А.К. Национал-демократизм в современной белорусской этнографии… — С. 119. У дужках ў цытаце тут і далей прыведзеная старонка з артыкула В. Ластоўскага.

[94] Супинский, А.К. Национал-демократизм в современной белорусской этнографии… — С. 119.

[95] Супинский, А. К. «Понёва» и «вставка» в белорусской женской одежде… — С. 103.

[96] Никольский, Н.М. Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии… — С. 11.

[97] Никольский, Н.М. Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии… — С. 23.

[98] Акт и опись музейных экспонатов, возвращенных в БССР из Германии. 1947 г. // Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. З гісторыі даваенных збораў. Страты і вяртанні. Дакументы і фотаздымкі. Віртуальная выстаўка [Электронны рэсурс]. — Электрон. дан. (1,21 Гб). — Мінск: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ТАА Дзью Поінт, [б.г.]. — 1 электрон. опт. дыск (DVD). — С. 81–87.

[99] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі… — С. 182.

[100] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі… — С. 183.

[101] «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэволюцыі… — С. 183.

[102] Никольский Н.М. Установки и методы белорусской нацдемовской этнографии… — С. 22.

[103] А.К. Супинский. Национал-демократизм в современной белорусской этнографии… — С. 112.

[104] Назва «карцы» ужываецца ў беларускай навуковай літаратуры з 1970-х гг. Падрабязна пра калекцыю гл.: Лабачэўская, В.А. «Пісанае» дрэва — карцы…— С. 63–71. 

[105] Власт. Жывая старасьвеччына // Крывіч. — 1926. — №1. — С. 73–78.

[106] Власт. Жывая старасьвеччына… — С. 77.

[107] Власт. Жывая старасьвеччына… — С. 78.

[108] Некаторыя этнаграфічныя рэчы перадавала ў музэй таксама Станіслава Ластоўская, аб чым сьведчаць запісы ў Інвэнтарных кнігах Беларускага дзяржаўнага музэю.

[109] Нікольскі, Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства… — С. 19.

[110] Рэч атрыбутаваная пры садзеяньні сп. Ігара Мельнікава, якому аўтарка складае шчырую падзяку. 

[111] Хроніка беларускае культуры // Полымя. — 1928. — №5. — С. 174.

[112] Аўтарка ўдзячная за расчытаньне тэксту сп-ні Але Спартак.

[113] Ластоўскі, В. Выбраныя творы; уклад., прадм. і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мінск: БеларускіКнігазбор, 1997. — С. 444. Цытуецца ў перакладзе з расейскай аўтаркі гэтага артыкула.

0 replies on “Архіў забытай экспэдыцыі”