25 лістапада ў бібліятэцы адбылася вечарына нядаўна створанага ў Лёндане беларускага выдавецтва “Скарына”.
Першым ягоным выданьнем стала жыцьцярадасная кніга клясыка ўкраінскай літаратуры Агатангела Крымскага “Бэйруцкія апавяданьні” у цудоўным беларускім перакладзе Ўладзіслава Гарбацкага, які ўзяў удзел у вечарыне. Пра Агатангела Крымскага распавядала старэйшая навуковая супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Ўкраіны Надзія Стрышэнэць.
Кіраўнік выдавецтва Ігар Іваноў распавёў пра доўгую традыцыю беларускага кнігавыданьня ў Лёндане, а сябра рэдакцыйнай рады “Скарыны” Караліна Мацкевіч распытала Ўладзіслава Гарбацкага пра пераклады “Бэйруцкіх апавяданьняў” і раману “Падзея” нобэлеўскай ляўрэаткі Ані Эрно, а таксама пра новую кнігу А. Гарбьцкага “Mercks Graz!”, якая ў дзень вечарыны пабачыла сьвет.




