Памяці прафэсара Адама Мальдзіса

Пайшоў з жыцьця волат беларускай культуры, літаратуразнаўца і дасьледчык, нястомны захавальнік беларускае спадчыны Адам Мальдзіс…

Ён быў даўнім сябрам Скарынаўскай бібліятэкі, першым зь беларускіх дасьледчыкаў, хто здолеў патрапіць за Ля Манш у часы халоднае вайны. Летась “Наша Гісторыя” так пісала пра гэты час:

“Першым даследчыкам з БССР, які змог папрацаваць у Скарынаўскай бібліятэцы, стаў літаратуразнаўца Адам Мальдзіс. Ён тады быў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Заадно беларускі даследчык нарэшце асабіста пазнаёміўся з Арнольдам Макмілінам, з якім яго звязвала рэцэнзія на першую англамоўную «Гісторыю беларускай літаратуры». Напісаць зусім станоўча пра працу «буржуазнага» даследчыка ў савецкія часы было немагчыма, таму Мальдзіс вынайшаў для яго працы адмысловую крытычную характарыстыку – «буржуазны аб’ектывізм». Але Макмілін становішча калег па той бок жалезнай заслоны разумеў, таму зла не трымаў. Пазнаёміўшыся ў Лондане, два прафесары моцна пасябравалі.

Савецкая цэнзура адбілася і на падарожных нататках Мальдзіса з двухмесячнай паездкі ў Вялікабрытанію. Іх фрагменты з’явіліся спачатку ў часопісе «Полымя», а пазней – у асобным раздзеле кнігі, складзенай з падарожных дзённікаў. Пасля першай публікацыі прафесар Мальдзіс атрымаў па галаве за добрыя ўзгадкі пра клопат суродзічаў у Брытаніі аб нацыянальнай культуры. І ў кніжным выданні тэкст быў адрэдагаваны так, што пасля азнаямлення з ім можна было падумаць, што ўсе тыя сустрэтыя Мальдзісам цудоўныя беларускія старадрукі, рукапісы і пазнейшыя выданні захоўваліся не ў Скарынаўцы, а ў Брытанскай бібліятэцы, а забаўныя размовы з Гаем Пікардам адбываліся толькі падчас прагулак па мясцінах і пабах, звязаных з жыццём і дзейнасцю ў Лондане Карла Маркса і Уладзіміра Леніна.

У незалежнай Беларусі прафесар Мальдзіс многія гады служыў “агентам” Скарынаўкі па закупках і падпісцы ў Мінску.” (Алесь Нешчарда. Акно на Захадзе. Наша гісторыя, №5-2021, стар. 36-41)

Сьветлая памяць!


Успамінае Ігар Іваноў, які быў студэнтам у Лёндане ў 1999-2004 гг.:

Я пазнаёміўся з праф. Мальдзісам перад першым ад’ездам на вучобу ў Лёндан напрыканцы 1998 г. Тады ягоная кватэра была зборным пунктам часопісаў, газэтаў і кніжак для Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London. Ён быў нефармальным агентам па камплектацыі фондаў тутэйшае бібліятэкі, бо дзяржаўныя ўстановы, зь якімі Скарынаўка працавала за савецкім часам, не давалі рады агромністай плыні непадцэнзурных выданьняў, якія лёнданскую бібліятэку моцна цікавілі. Дзякуючы праф. Мальдзісу лёнданская калекцыя аўтарскіх аўтографаў моцна павялічылася – ён ведаў амаль усіх, амаль усе ведалі яго тады.

Ён загрузіў маю валізу новымі выданьнямі і доўга тлумачыў, як выжыць студэнту-жабраку ў Брытаніі. Апошняе мала запомнілася, а вось выданьні тыя… Я далёка не адзін быў, хто цягаў валізы з кніжкамі і пад. Мы тады мусілі браць ад праф. Мальдзіса таксама даведку зь пячаткай Скарынаўскага цэнтру, што вязем легальна выдадзеныя ў Беларусі друкаваныя выданьні ў дар Скарынаўскай бібліятэцы. Шманалі на мяжы тады моцна і неаднойчы чапляліся з-за “БНФаўскіх” (беларускамоўных) публікацыяў

І так было некалькі разоў, напрыканцы лета, калі ваканцыі заканчваліся.

Tags from the story
0 replies on “Памяці прафэсара Адама Мальдзіса”