На мінулым тыдні ў Скарынаўскай бібліятэцы знайшоўся асобнік кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча” ў беларускім перакладзе. Ён быў у адной з архіўных скрынь з яшчэ не да канца разабранымі матэрыяламі Веры Рыч – найбольш значнай перакладніцы беларускай і ўкраінскай паэзіі на англійскую мову. Кніга з дарчым подпісам аўтара: “Дорогой Вере Рич – искренне и дружески эту грустную книгу о родной земле. Светл[ана] Алексиевич. 13.VII.93г. г. Минск.”
У Скарынаўцы – сотні падпісаных кніг. У асноўным – дарчыя надпісы аўтараў самой бібліятэцы ці а. Аляксандру Надсану, які ўзначальваў яе больш за 40 гадоў. Ёсць каштоўныя і рэдкія надпісы і пазнакі з іншых нагодаў, напр. нататкі на палях і паміж радкамі Кастуся Езавітава, айцоў Вінцэнта Гадлеўскага, Язэпа Германовіча і Льва Гарошкі, асобнік з дарчым надпісам праф. Уладзімірава – аўтара першай скарыназнаўчай манаграфіі, дарчы надпіс Максіма Гарэцкага. Пра гэта ў свой час была напісана цікавая манаграфія “Беларускія кніжныя пазнакі ў зборах бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане” гісторыкам беларускай кніжнай спадчыны Юрыем Лаўрыкам.
На гэтым фоне яшчэ адна знаходка кнігі з надпісам можа падацца вельмі ардынарнай падзеяй. Безумоўна, яна была б для Скарынаўкі вельмі дарагой у любым выпадку – паасобнік падпісаны Нобелеўскай лаўрэаткай для Веры Рыч, якая цягам некалькіх дзясяцігодзьдзяў была неад’емнай і каларытнай часткай беларускага жыцця ў Лёндане. Але ёсць яшчэ адзін аспект у гэтай знаходцы – яна ў пэўным сэнсе з’яўляецца сведчаннем таму, якой наша беларуская дыяспара была і якой яна становіцца цяпер.
Скарынаўская бібліятэка, што ў свой час сабрала найлепшую калекцыю беларускіх кніг у Заходняй Эўропе, доўгі час не мела ніводнай, напісанай Святланай Алексіевіч – ані арыгінальных рускамоўных выданняў, ані беларускіх перакладаў. Першымі набыткамі былі англамоўныя пераклады “Чарнобыльскай малітвы”. Тлумачыць гэта просталінейным нацыяналізмам эміграцыі было б наіўна. Праўда больш складаная.
Паваенныя эмігранты, большасці якіх давялося пажыць у Савецкім Саюзе толькі крыху больш за год пасля пачатку Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 г., пакідалі яе з страшным болем і страхам. Яны неслі з сабой самае дарагое – самаробныя тканіны, вышываныя кашулі, іконы і кнігі, сведчаннем чаму ёсць зборы лонданскай Скарынаўскай бібліятэкі і ейнага музея. Яны несці з сабой Беларусь, якую ратавалі ад навалы русіфікацыі, атэізацыі і палітычнага дыктату. Яны пакідалі Бацькаўшчыну на ўкрыжаванне, каб ратаваць яе так, як маглі, на чужыне. У іх разуменні Вольная (менавіта так, з вялікай літары) Беларусь была там, дзе былі яны – беларусы ў вольным свеце і беларускія асяродкі – арганізацыі, выдавецтвы, храмы, грамадскія цэнтры – створаныя іх ахвярнай працай. Вольная Беларусь была поўняй іх сусвету, а яны – апошняй надзеяй на адраджэнне Беларусі. Савецкая ж Беларусь – гэта прыгнечаная і растаптаная родная зямелька, знявечаная да непазнавальнага стану.
У такім кантэксце добра разумеецца, чаму рускамоўная літаратура з Беларусі не толькі не знаходзіла водгуку ў нашых папярэднікаў, а выклікала самае актыўнае непрыняцце. Айцец Аляксандар Надсан не хаваў свайго абурэння пасьля ўдзелу ў сустрэчы са Святланай Алексіевіч у Парыжы: быць “грамадзянінам сусвету”, калі родная мова здратаваная – непрабачальная безадказнасць. У разьдзел беларускай мастацкай літаратуры ў кнігасховішчы Скарынаўкі не траплялі выданні на іншых мовах – рускамоўныя і польскамоўныя тэксты аўтараў беларускага паходжаньня вандравалі з адной паліцы на другую. Ёсць добра апісаны ў бібліятэкарскай літаратуры феномен: калі паглядзець на бібліятэчныя калекцыі, можна сказаць, якія ідэі вызначалі жыцьцё супольнасцей, што стварылі тыя зборы. Менавіта так і Скарынаўка была і застаеца люстэркам беларускай эміграцыі.
Айцец Надсан не быў нейкім выключэннем з правіл. Не забывайма пра “цвік у труну беларускай культуры”, як Сяргей Дубавец акрэсьліў гіпатэтычнае тады яшчэ ўзнагароджанне Алексіевіч Нобелеўскай прэміяй. І калі стала вядома аб той прэміі ў мінулым годзе, Івонка Сурвіла, ад імя Рады БНР, са шчырым хваляваннем звярнулася да літаратаркі: “Ганаруся Вамі — і адначасна спадзяюся, што Вы самі нікому не дазволіце назваць Вас расійскай пісьменніцай.” Дарэчы, эміграцыя ня была такой ужо дзіўнай: дастаткова было зірнуць на выставу кніг Алексіевіч у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі мінулай восенню, каб уразіцца, наколькі жалюгоднымі былі ейныя беларускамоўныя выданні ў параўнаньні з кнігамі на іншых мовах – збольшага танюсенькія, на газетнай паперы.
Новая хваля эміграцыі, якая цяпер ужо змяніла паваенную ў беларускіх арганізацыях і асяродках практычна паўсюль, даволі адрозная ад сваіх папярэднікаў. Яны не пакідалі Беларусі з жахам за ейны лёс. Некаторыя з’яжджалі з-за імаверных арыштаў ці немагчымасці працягваць вучобу, але, бадай, вельмі мала каму прыходзіла ў галаву ратаваць Бацькаўшчыну на чужыне. У гэтым – кардынальнае адрозьненне пакалення, што было сведкам ці ўдзельнікам атрымання Беларуссю незалежнасці, ад пакалення а. Надсана, што зведала войны, рэпрэсіі і выгнанне. Было б памылкай дыскутаваць, хто мае рацыю ў дадзеным выпадку: кожнае пакаленне мусіць выпрацаваць уласны адказ на тыя самыя экзістэнцыйныя пытанні. Важна тое, што беларускае жыццё ў дыяспары не толькі не загасла пасля адыходу паваеннага пакалення, але багата дзе, у тым ліку ў Лондане, атрымлівае новыя формы і энергію, і будуецца на падмурках, закладзеных папярэднікамі.
Калі я збіраўся пісаць гэты тэкст, я не адразу знайшоў кнігу Алексіевіч на паліцы. Я шукаў яе ў раздзеле перакладаў на беларускую мову – дзе ж яшчэ ёй месца? – думаў я, бо памятаў ранейшыя традыцыі, што ў кантэксце бібліятэчнай практыкі пераўтвараліся ў правілы. Я мусіў перапытацца ў іншага супрацоўніка, які здзівіўся ў адказ: “Ну там, дзе ўся літаратура, глядзі на А”. Менавіта: кніга стаяла ў мастацкай літаратуры, паміж беларускамоўнымі Сцяпанам Александровічам і Антонам Алешкам.
Упершыню апублікавана на сайце “Будзьма”