Сёлета 8 жніўня споўнілася б 89 гадоў аднаму з самых вядомых беларусаў у эміграцыі – айцу Аляксандру Надсану. Апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы быў надзвычай шматграннай асобай: займаўся перакладамі літургічных тэкстаў, пісаў кнігі па гісторыі, рэдагаваў беларускія часопісы, быў заснавальнікам музею і бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лондане, кіраваў Беларускай каталіцкай місіяй у Лондане, займаўся дабрачыннасцю, дапамагаючы ахвярам аварыі ў Чарнобылі і гэтак далей.
Ці справа айца Аляксандра мае працяг пасля ягонай смерці? Belsat.eu паразмаўляў з сакратаром апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны, спадаром Ігарам Івановым.
– Чым жыве Беларуская бібліятэка і музей у Лондане пасля спачыну айца Аляксандра Надсана? Хто апякуецца гэтымі ўстановамі?
– Беларуская бібліятэка ў Лондане як ніколі жывая. Смерць айца Аляксандра Надсана, аднаго з ейных заснавальнікаў, была вельмі сумным ударам для шмат каго, але таксама стала заклікам не апускаць рукі, а рупліва працягваць працу. Гісторыю бібліятэкі справядліва звязваюць перадусім з асобай айца Аляксандра. Ён жа ў сваю чаргу падкрэсліваў, што яна існуе дзякуючы шчодрасці і добрай волі шматлікіх беларусаў і нашых сяброў іншых нацыянальнасцяў ва ўсім свеце. Грошы на стварэнне Скарынаўкі збіралі ў шмат якіх краінах, калекцыю ў музеі стваралі падобна – айцец Аляксандр два разы аб’ехаў вакол свету, наведваючы беларусаў на чужыне, адкуль вяртаўся не з пустымі рукамі. Таксама карысталіся ёй людзі з дзясяткаў краінаў. Яшчэ пры айцы бібліятэка – як зарэгістраваная дабрачынная арганізацыя – кіравалася апякунскай радай, што прынесла ў ейную дзейнасць стабільнасць і пераемнасці. Сёння ў радзе – абазнаныя ў справе беларусы і брытанцы, якія з ахвотай прысвячаюць свой час бібліятэцы. Ёсць і валанцёры, якія дапамагаюць – без іх багата чаго не атрымалася б.
– Хто перадусім карыстаецца са збораў бібліятэкі – беларускія эмігранты ці брытанцы? Які яе тыповы наведнік?
– Напачатку бібліятэка стваралася як акадэмічная ўстанова. Лондан тады быў адным з цэнтраў славяназнаўства, на што брытанскі ўрад выдзяляў універсітэтам вялікія сродкі – гэта быў час халоднай вайны. Скарынаўка своечасова адкрыла свае дзверы, каб падтрымаць, дакладней нават, стварыць цікавасць да беларусазнаўства. І не толькі ў Брытаніі: манаграфіі, напісаныя на падставе матэрыялаў бібліятэкі выходзілі ў Нямеччыне, Польшчы, ЗША, Канадзе, Ізраілі – поўны пералік краінаў будзе доўгі. А дадаць яшчэ артыкулы ў акадэмічных часопісах… І ўсё гэта – без капейкі дзяржаўных ці карпаратыўных грошай.
Цяпер геапалітычныя прыярытэты ў свеце другія, тэхналогіі змяніліся, беларуская дыяспара ў Брытаніі – цалкам новая. Таму і Скарынаўская бібліятэка сёння іншая. Яна патрэбная і навукоўцам з усяго свету, як і раней, і тутэйшым беларусам, хто не хоча траціць повязі са сваёй культурай, і звычайным брытанцам, хто шукае ўцямную інфармацыю пра нашую тэрра інкогніта. Раней бібліятэку можна было наведаць толькі па папярэдняй дамоўленасці з айцом Аляксандрам. Сёння яна адкрытая кожную суботу, і кожную суботу ёсць наведнікі. Тыповыя карыстальнікі – гэта студэнты-беларусы, якія ў сваіх працах звяртаюцца да беларускіх тэмаў, напрыклад, рэлігійных узаемаадносінаў або гісторыі дойлідства. Здавалася б, ну чаго толькі няма ў інтэрнэце цяпер, а вось, аказваецца, каб капнуць глыбей, часта мусіш да кніжак звяртацца або ў архівах папрацаваць. І прафесійныя даследчыкі прыязджаюць, і тыя, хто развівае свае асабістыя інтарэсы ў нейкіх галінах – музыка або біблейскія пераклады, напрыклад. Нехта прыходзіць на пару гадзінаў, іншыя прыязджаюць на тыдзень. Беларусы таксама прыходзяць і прыводзяць сваіх сяброў – брытанскіх і заморскіх – дзеля музею: тыя ж слуцкія паясы варта пабачыць, ці патрымаць лагерную робу Ларысы Геніюш, ці ў аўтэнтычныя кашулі, вышываныя 70 гадоў таму, апрануцца.
– Ці папаўняюцца бібліятэчныя зборы? Ці бібліятэка расце?
– Калісьці бібліятэка скупала практычна ўсё, што выдавалася на Беларусі і пра Беларусь у заходнім свеце. Цяпер гэта ўжо немагчыма ды і няма патрэбы ў такой вось «Нацыяналцы дыяспары». Аднак усё асноўнае, пра што карыстальнікі звычайна запытваюцца, да нас трапляе: частку мы купляем, шмат што дораць самі аўтары і выдаўцы. Калекцыя выданняў дыяспары ў нас самая поўная ў свеце і гэта застаецца адным з прыярытэтаў – захаванне спадчыны суайчыннікаў у замежжы.
– Ці здараліся ў бібліятэцы апошнім часам нейкія цікавыя адкрыцці?
– Я часта здзіўляюся запытам і таму, што чытачы знаходзяць у нас на паліцах і ў архіўных скрынях. Днямі папрасілі пра старыя школьныя падручнікі па беларускай мове. Я шчыра думаў, што гэта ніколі не спатрэбіцца тут і запхнуў іх на самую высокую паліцу ў кнігасховішчы. Цяпер давядзецца здымаць, каб даследчык мог дазнацца, якія творы Янкі Брыля нам казалі чытаць у дзяцінстве. А ў мінулым месяцы навуковец з віленскага ЕГУ з захапленнем працаваў з франкамоўнай беларусістыкай, збор якой у нас больш поўны, чым у Беларусі. Даследчыца гісторыі з Кембрыджскага ўніверсітэту запыталася пра магчымасць папрацаваць з нядаўна выдадзенай у Ізраілі манаграфіяй пра цэнзуру ў паваеннай БССР. Здавалася б, Кембрыджскі ўніверсітэт мусіць мець усё, але аказалася, што на дадзены момант найбліжэйшая бібліятэка з такой кнігай – у Варшаве. Нам жа асобнік даслаў аўтар, які неаднаразова карыстаўся гасціннасцю Скарынаўкі і айца Аляксандра Надсана. І так без перапынку!
– Ці вядуцца ў бібліятэцы працы па ўпарадкаванні, далейшым апісанні збораў, інфарматызацыі?
– Працы наперадзе – нямерана. Бібліятэка пакуль не стварыла поўнага каталога сваіх збораў – гэта бадай самая сурёзная перашкода для паўнавартаснага карыстання яе калекцыяй. Архіў слаба сістэматызаваны і мы нават самі да канца не ведаем, якія перліны яшчэ там знойдуцца. Музейная прастора магла б нашмат лепш прадставіць багацці калекцыі. Нічога гэтага сіламі валанцёраў не зробіш, таму мы збіраем сродкі і на Захадзе, і ў Беларусі. Але грошы таксама не вырашаюць усяго. Патрэбныя яшчэ веды і прафесіяналы, што ва ўмовах параўнальна невялікай дыяспары – вялікая праблема. Таму мы наладжваем супрацу з арганізацыямі і ініцыятывамі ў Беларусі – «Беларускай палічкай» і культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі», напрыклад. Плён такіх праектаў ужо хутка можна будзе пабачыць: і аблічбаваныя публікацыі, і новыя пераклады.
– Якія перспектывы мае бібліятэка? Якой вы акрэсліваеце яе місію ў цяперашнія часы?
– Часам даводзіцца чуць думку, што час Скарынаўкі мінуў, што яе зборы трэба перавезці ў Беларусь. Нам паступалі запыты ад дзяржаўных установаў пра перадачу фондаў ці асобных рэчаў. Гэта праўда, што даследчыкам з Беларусі ўсё цяжэй прыехаць у негасцінную да чужынцаў Брытанію, а паехаць папрацаваць у бібліятэках і архівах у Беларусі можа быць танней за Лондан. Але ёсць іншы бок медаля: беларуская бібліятэка ў Лондане патрэбная самім беларусам, як брытанскім, так і на Бацькаўшчыне. Яна – адзін з асноўных арганізацыйных слупоў, на якіх трымалася і нават фармавалася беларуская тоеснасць дыяспары. І будзе працягваць такой заставацца, бо ёсць воля ў тутэйшых беларусаў і нашых брытанскіх сяброў справу працягваць. Сёння Скарынаўка – адзіная беларуская ўстанова ў Брытаніі, чые дзверы адчыненыя ўсім, хто цікавіцца нашай краінай – з беларускім пашпартам ці не, без увагі на палітычныя погляды. Яна ад сваіх пачаткаў ратавала і выстаўляла для карыстання тое, што хавалася і знішчалася – і чужынцамі, і сваймі ў Беларусі. Маргінальнае было куды больш цікавым для стваральнікаў бібліятэкі, чым культурны і палітычны мэйнстрым БССР. Калі пераследавалі рэлігію, Скарынаўка сабрала найвыдатнейшую калекцыю па беларускай царкоўнай гісторыі. Хто ведае, што яшчэ давядзецца ратаваць, аднаўляць і агучваць – заўтра, праз дзесяцігоддзі.
Лондан – адзін з галоўных фінансавых, палітычных і культурніцкіх сталіцаў свету. Урады розных краінаў перадусім тут ствараюць фарпосты сваёй мяккай дыпламатыі: Малайзія дапамагае рэстаранам малайзійскай кухні, Паўднёвая Карэя заплаціла Брытанскаму музею за прывілей мець пастаянную нацыянальную экспазіцыю, Кітай вучыць сваёй мове будучых настаўнікаў для брытанскіх школаў… А беларусы стварылі бібліятэку – сваймі сіламі.