16 лістапада спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня Кастуся Акулы (1925-2008)

Партрэт К.Акулы. Мастак П. Цімафееў (з фондаў Скарынаўскай бібліятэкі)
Партрэт К.Акулы. Мастак П. Цімафееў (з фондаў Скарынаўскай бібліятэкі)

16 лістапада спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня Кастуся Акулы (1925-2008) –- беларускага   пісьменьніка, журналіста, выдаўца, дзеяча беларускае дыяспары ў Канадзе.

Кастусь Акула (сапраўднае імя Аляксандар Качан) належаў да пакаленьня, якое сфармавалася ў пэрыяд ваенных канфліктаў, калі частая зьмена ўлады была звыклай зьявай. Пачатковая польская школа, у якую ён хадзіў, замянілася савецкай, а кароткі час навучаньня ў Віленскай беларускай гімназіі падчас акупацыі завяршыўся месяцамі, праведзенымі ў нямецкай вязьніцы і канцлягеры. Далейшы шлях Кастуся Акулы падобны да шляху многіх беларускіх юнакоў, якія, імкнучыся служыць Бацькаўшчыне, далучыліся да Беларускае Краёвае Абароны (БКА), разам зь ёю мусілі пакінуць Беларусь у 1944 годзе і, перайшоўшы на бок антыгітлераўскіх хаўрусьнікаў, ваявалі супраць немцаў у складзе войска генэрала Андэрса. За баявыя заслугі быў уганараваны брытанскім “Мэдалём вайны” ды італійскай “Залатой зоркай”. 

Экзэмпляр часопіса “Зважай” з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі

Пасьля нядоўгага перабываньня ў Брытаніі, у 1947 годзе Акула пераехаў настала ў Канаду. Тут ён адразу ж заняўся стварэньнем беларускага асяродку: ён быў адным з заснавальнікаў і першым старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады (ЗБК), спрычыніўся да заснаваньня парафіі сьв. Кірылы Тураўскага Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў Тароньце. Рэдагаваў штомесячнае выданьне беларусаў Канады “Беларускі эмігрант”, больш за дваццаць гадоў выдаваў часопіс беларускіх вэтэранаў “Зважай”, нястомна вёў ліставаньне зь дзеячамі і арганізацыямі дыяспары, заходняй прэсай, ладзіў пікеты, паўсюль прасоўваючы беларускую незалежніцкую ідэю і пратэстуючы супраць паняволеньня Беларусі ў складзе савецкай дзяржавы. Ня дзіва, што беларуская савецкая прэса называла яго “платным” амерыканскім «вызваліцелем Беларусі»” і “шалёным антысаветчыкам”.

Экзэмпляр выданьня “Беларускі эмігрант” з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі

У сваёй прозе Кастусь Акула найчасьцей зьвяртаецца да ваенна-палітычных канфліктаў, асьвятляючы іх з пункту погляду беларускае незалежніцкае ідэі. Пры гэтым ён, як адзначае Ганна Янкута,  “выстаўляе рахунак суседнім народам за крыўды, зазнаныя падчас вайны”. Першы ягоны раман “Змагарныя дарогі” (1962) – гэта шчыры і балючы аўтабіяграфічны аповед пра пакручастыя шляхі, якімі давялося прайсьці юнакам БКА ў апошнія гады вайны. Перавыдадзены ў 1994 годзе ў незалежнай Беларусі, гэты раман адразу ж займеў вялікую папулярнасьць: беларускі ПЭН-цэнтар узнагародзіў яго прэміяй імя Францішка Багушэвіча, а па водгуках чытачоў “Нашай нівы” ён быў залічаны да 100 найбольш папулярных беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя. Наступны вялікі твор – трылёгія “Гараватка” – малюе гістарычную панараму зьмены ўладаў – польскай, савецкай, фашыстоўскай, –ніводная зь якіх, падкрэсьлівае  аўтар, не была беларусам сваёй. Свой англамоўны раман “Tomorrow is Yesterday” (1968) Акула таксама прысьвяціў Беларусі пад акупацыяй. Гэта быў першы англамоўны раман, напісаны беларускім эмігрантам, і ён выклікаў цікавасьць канадыйскага чытача сваёй нечаканай пэрспэктывай.  У беларускім перакладзе раман пабачыў сьвет толькі праз сорак гадоў, у год сьмерці аўтара.

“Змагарныя дарогі” аўтарства Кастуся Акулы, экзэмпляр з калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі

А яшчэ Акула пісаў вершы, апавяданьні, фэльетоны, вострыя палемічныя артыкулы і шмат, шмат лістоў… Скарынаўская бібліятэка захоўвае частку архіву Кастуся Акулы зь ягонай карэспандэнцыяй і збор прыжыцьцёвых выданьняў пісьменьніка, у тым ліку падшыўкі “Беларускага эмігранта’ і часапісу “Зважай”. На большасьці кніг стаяць аўтарскія дарчыя надпісы, адрасаваныя бібліятэцы. 

Міні-выстава да 100-годзьдзя Кастуся Акулы ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лёндане

Кастуся Акулу шмат што зьвязвала з Скарынаўкай. Ён быў даўнім сябрам айца Аляксандра Надсана, добра ведаў і любіў лёнданскую “беларускую вёску” і яе жыхароў, часта гасьцяваў у бібліятэцы, быў яе ахвярадаўцам. Для тых, хто сутыкаўся зь ім тут, ён запомніўся сваёй цеплынёй і цікавасьцю да людзей, добрымі кпінамі, якімі абменьваліся яны з айцом Аляксандрам, а таксама сваімі начнымі званкамі айцу з Канады, на якія той раніцай, сьмеючыся, наракаў.Творчая і грамадзкая спадчына Кастуся Акулы – гэта каштоўныя дакумэнты гісторыі нацыянальнага руху ў Беларусі і ў эміграцыі,  а таксама прыклад вялікае любові аднаго беларуса да сваёй зямлі і служэньня ёй. Запрашаем усіх, хто жадае бліжэй пазнаёміцца з творчасьцю пісьменьніка, наведаць бібліятэку, дзе выстаўленыя ягоныя публікацыі, або чытаць іх у адкрытым доступе на “Беларускай палічцы”.

0 replies on “16 лістапада спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня Кастуся Акулы (1925-2008)”