Фотаальбом
Да 140-годзьдзя Вацлава Ластоўскага (нар. 8 лістапада 1883 г.) Скарынаўская бібліятэка публікуе матэрыялы фотаальбома этнаграфічнай экспэдыцыі 1928 году на Случчыну і Мазыршчыну. Кіраўніком экспэдыцыі быў В. Ластоўскі, які ў той час загадваў катэдрай этнаграфіі Інбелкульту і быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю.
Складаны лёс напаткаў як матэрыялы экспэдыцыі, так і ейных удзельнікаў: сталінскія рэпрэсіі, акупацыя падчас Другой сусьветнай вайны. Але фотаальбом, уратаваны падчас вайны, захаваўся ў Лёндане.
Каштоўнасьць гэтых матэрыялаў цяжка пераацаніць. Яны перадусім — важная этнаграфічная крыніца для сёньняшніх дасьледнікаў.