Выйшаў альбом здымкаў экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 году

Выйшаў дыхтоўны альбом “Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году: захаваная спадчына”. Ён адкрывае чытачам унікальную калекцыю фотаматэрыялаў, сабраных этнаграфічнай экспэдыцыяй пад кіраўніцтвам В. Ластоўскага на Случчыне і Мазыршчыне амаль сто годаў таму.

Каштоўнасьць гэтых матэрыялаў цяжка пераацаніць: экспэдыцыя адбылася яшчэ да калектывізацыі і зафіксавала тагачасны характар самабытнай беларускай культуры. Таму матэрыялы экспэдыцыі маюць навуковую і практычную каштоўнасьць для дасьледнікаў: этнографаў, мастацтвазнаўцаў, культуролягаў, гісторыкаў навукі, музэйных супрацоўнікаў.

Складаны і трагічны лёс напаткаў як матэрыялы экспэдыцыі, так і ейных удзельнікаў падчас сталінскіх рэпрэсій і Другой сусьветнай вайны. Альбом экспэдыцыі, аднак, захаваўся ў Лёндане, у Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны. Да нас дайшлі 270 чорна-белых здымкаў: узоры сакральнага мастацтва і архітэктуры, народнага касьцюму, ткацтва і прадметаў побыту.

У 1980-х гадах прафэсар Адам Мальдзіс быў першым дасьледнікам з БССР, хто пабачыў яго. Ён запісаў у сваім дзёньніку:  “Вечарам меў мажлівасць пазнаёміцца з масіўным альбомам, пераплеценым у чырвоны аксаміт. У ім знаходзіцца каля трохсот фатаграфій, зробленых удзельнікамі этнаграфічнай экспедыцыі на Случчыну ў канцы 20-х гадоў. Дзякуючы гэтым здымкам захаваліся ўзоры народнага адзення, дойлідства. Зафіксаваны творы мастацтва, рэчы хатняга ўжытку. Бясцэнны скарб для гісторыкаў культуры!

Матэрыялы лёнданскага альбома цяпер становяцца даступнымі самай шырокай аўдыторыі: здымкі, зробленыя ў 1928 годзе, можна пабачыць у альбоме, выдадзеным сумесна выдавецтвамі “Скарына” (Лондан) і “Чабор” (Варшава). Іх суправаджае надзвычай цікавы навуковы артыкул мастацтвазнаўцы Вольгі Лабачэўскай.

Скарынаўская бібліятэка апублікавала ўступ да альбома, артыкул В. Лабачэскай і выбраныя здымкі на сваім сайце.

Альбом можна набыць у Беларусі, у Варшаве ў кнігарні на Oleandrów 6/2, замовіць у кнігарні Skaryna Press. У ліпені альбом можна будзе набыць у Вільні. Ён будзе таксама на лёнданскім Купальлі ў чэрвені, на фэстывалі “Tutaka” пад Беластокам у ліпені і на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Таронта напрыканцы жніўня.

Выбраныя здымкі:

0 replies on “Выйшаў альбом здымкаў экспэдыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 году”