Калі ў мінулым годзе наш супрацоўнік апублікаваў у англамоўнай Вікіпэдыі артыкул пра Батлейку, дагляднік тэкстаў і правілаў хутка паставіў на галасаваньне пытаньне пра зьмену назвы артыкула з Batliejka на Batleyka. Толькі сваёй настойлівасьцю мы адбілі гэтую непажаданую зьмену. Дагляднік меў рацыю, калі строга трымацца цяперашніх правілаў Вікіпэдыі: беларуская лацінка там не ўжываецца для трансьлітарацыі з кірыліцы на лацінскі альфабэт (т.зв. раманізацыя), а перавага ў большасьці выпадкаў павінна аддавацца стандарту, прыдуманаму амэрыканцамі і брытанцамі напрыканцы 1970-х гадоў.
Ёсьць яшчэ некалькі раманізацыяў кірыліцы, якіх трымаюцца заходнія бібліятэкі і іншыя захавальнікі інфармацыйных стандартаў. На практыцы гэтыя трансьлітарацыі зьяўляюцца інструмэнтамі стварэньня, захаваньня і пашырэньня прыніжальных для нас правілаў і спосабаў мысьленьня, бо адмаўляюць лацінцы – арганічнай частцы беларускае моўнае традыцыі, – у існаваньні.
Іншы наш супрацоўнік сёлета меў нагоду распавесьці брытанскім бібліятэкарам, якія працуюць у славянскіх сэкцыях, пра беларускую лацінку. Большасьць былі ўражаныя: яна, аказваецца – зусім не агульнавядомы факт нават для адмыслоўцаў на захадзе. Гэты момант важны, бо факт існаваньня беларускай лацінкі павінен у прынцыпе адмяняць неабходнасьць прыдумляць для нас і навязваць нам правілы раманізацыі.
Наш дасьціпны суродзіч, фальклярыста і выдаўца Аляксандар Рыпінскі, які ў Лёндане 170 гадоў пачаў ужываць у беларускіх тэкстах літару “у нескладовае” (у ейнай лацінічнай форме – ŭ), быў бы засмучаны сёньняшняй сытуацыяй: ягонае вынаходніцтва, якое з такой ахвотай падхапіў Францішак Багушэвіч, а за ім – цэлыя пакаленьні, ігнаруецца і нават актыўна адмятаецца і замежнымі дасьледнікамі, і беларускай дзяржавай, і – часта – намі самімі, калі мы абіраем u ці w замест ŭ, калі абракадабрай пішам Shchuchynshchyna замест прыгожага Ščučynščyna. Часам даходзіць да абсурду, як, напрыклад, у выпадку, калі беларуская дасьледніца ў рэцэнзіі крытыкавала прафэсара Лёнданскага ўнівэрсытэту за ўжываньне беларускай лацінкі ў ягонай кнізе пра беларускую літаратуру.
Цяпер мы знаходзімся ва ўнікальнай сытуацыі, якая спрыяе вяртаньню беларускай лацінкі. Багата ў якіх краінах у дасьледніцкіх, адукацыйных і культурных асяродках ідуць дэбаты пра ролю “вялікіх культураў” у прыніжэньні, а нават і зьнішчэньні меншых культураў. Вайна ва Ўкраіне сфакусавала гэтую дыскусію на ўсходняй Эўропе. Цяпер ніхто па-ангельску сьвядома ня піша Kiev, а толькі Kyiv. І якутаў усё часьцей называюць саха: зьяўляецца нарэшце ўсьведамленьне, што заходнія культуры і навука занадта доўга глядзелі на сьвет вачыма Брытанскай, Расейскай і іншых імпэрыяў, вачыма амэрыканскага даляра ці толькі вачыма белага чалавека. І ў беларусаў як ніколі зьявіўся шанец настойваць, каб з намі цяпер размаўлялі без пасярэдніцтва нашых больш моцных суседзяў. Варта ўключацца ў акадэмічную дыскусію пра дэкалянізацыю, бо яна датычыць нас таксама.
Пасьля 2020-га году беларусаў моцна раскідала па сьвеце. Дыяспара ж збольшага мае вольны доступ ня толькі да ведаў і інфармацыі, але і да моваў і самых розных установаў у іншых краінах. Мы ў дыяспары можам адукоўваць ня толькі сябе, але і ўвесь сьвет. Пачаць можна з дробных рэчаў: ужываць лацінку для назваў сваіх арганізацыяў і ў абвестках (як гэта робіць Англа-беларускае таварыства, калі запрашае людзей на Kupalle і Kalady) ці пазбаўляцца саветызаванага напісаньня сваіх імёнаў і прозьвішчаў, калі мы атрымліваем новае грамадзянства і пашпарт.
А яшчэ варта абвясьціць наступны год Годам беларускае лацінкі і гучна адсьвяткаваць яго. Ну ці год пасьля наступнага – каб пасьпець падрыхтавацца як сьлед.
Ігар Іваноў